Распрацавалі ў Віцебскай вобласці комплекс мер па папярэджанні ўдзелу дзяцей у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах
– Дадзены лакальны дакумент прадыктаваны часам. Распрацаваны ён па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх, прадугледжвае міжведамаснае ўзаемадзеянне і нацэлены на папярэджанне ўцягвання і ўдзелу непаўналетніх у несанкцыянаваных шэсцях, – паведаміла намеснік старшыні абласной КДН Тамара Алехновіч.
Па інфармацыі намесніка начальніка УУС аблвыканкама Аляксея Шаховіча, у перыяд з 9 жніўня па 25 кастрычніка супрацоўнікамі міліцыі выяўлена амаль 200 непаўналетніх, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, прычым большасць з іх – школьнікі і навучэнцы прафесійных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.
Як арганізаваць працу з дадзенай катэгорыяй, і вызначае міжведамасны алгарытм дзеянняў. У прыватнасці, камісіям па справах непаўналетніх даручана правесці аналіз прычын і ўмоў, якія спрыяюць удзелу дзяцей у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а ў выпадку сігналу аб іх удзеле прыняць меры ў дачыненні да бацькоў або іншых законных прадстаўнікоў, якія неналежным чынам выконваюць абавязкі па выхаванні.
Установы аховы здароўя ў выпадку звароту за меддапамогай бацькоў з дзецьмі, у якіх выяўлены траўмы, атрыманыя падчас удзелу ў масавых мерапрыемствах, будуць інфармаваць аб дадзеных фактах органы ўнутраных спраў. Калі жыццё і здароўе дзіцяці падвяргаліся такім чынам пагрозе, то аддзел адукацыі мае права часова змясціць непаўналетняга ў бяспечнае асяроддзе, а пры выяўленні неспрыяльнай абстаноўкі ў сям'і і зусім перадаць на апекунства сваякоў і пачаць сацыяльнае расследаванне.
У сваю чаргу, прадстаўнікі правапарадку пры затрыманні законных прадстаўнікоў з непаўналетнімі на несанкцыянаваных масавых акцыях павінны аператыўна праінфармаваць органы апекі і папячыцельства. Як праваахоўнікі, так і педагогі праводзяць з навучэнцамі і іх бацькамі інфармацыйна-тлумачальную працу, якая тычыцца наступстваў і адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У мэтах папярэджання падобных інцыдэнтаў педагогі будуць выяўляць навучэнцаў са схільнасцю да дэструктыўных паводзін для наступнай прафілактычнай і карэкцыйнай працы з імі. Паўторны факт удзелу дзіцяці – нагода пачаць працу згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №22 па выяўленні сямейнага неблагопалучча і прыняцці мер па абароне дзіцяці з боку дзяржавы.
Наступствы такіх хаджэнняў па вуліцах для падрастаючага пакалення – 19 непаўналетніх вобласці прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, каля 10 пратаколаў яшчэ знаходзяцца на разглядзе ў камісіі па справах непаўналетніх.
– Ва ўстановах адукацыі з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў праводзіцца тлумачальная праца. Разам з тым амаль кожныя выхадныя выяўляюцца новыя непаўналетнія ўдзельнікі несанкцыянаваных акцый. Таму нам патрэбны дадатковыя меры, якія вызначаюць парадак дзеянняў спецыялістаў па абароне дзяцей, прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні ўдзелу дзяцей у падобных шэсцях у мэтах іх жа бяспекі, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
Аналіз прычын удзелу падлеткаў у несанкцыянаваных мітынгах, які выявілі педагогі і праваахоўнікі падчас гутарак з непаўналетнімі, паказаў: дзеці да іх далучаюцца, як правіла, з-за цікаўнасці, неразумення палітычнай сітуацыі, масаванай падачы інфармацыі ў інтэрнэце. У сувязі з гэтым удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што сёння трэба данесці да моладзі дакладную інфармацыю, якая абвяргае фэйкі. Каб дастукацца да сучаснага пакалення, неабходна актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт-тэхналогіі, даверлівыя растлумачальныя гутаркі асобамі, якія карыстаюцца аўтарытэтам і павагай сярод дзяцей.
Новыя падыходы патрэбны і для папярэджання падлеткавай злачыннасці. Хоць за 9 месяцаў на Віцебшчыне і назіраецца яе зніжэнне (сёлета зарэгістравана 122 злачынствы, за аналагічны перыяд 2019-га – 158), праблемнымі кропкамі застаюцца правапарушэнні, здзейсненыя пад уздзеяннем алкаголю і ў групах. Іх рост адзначаны ў Віцебску, Наваполацку, Аршанскім, Полацкім і Міёрскім раёнах. Мясцовым органам выканаўчай улады Уладзімір Пянін даручыў разабрацца ў прычынах і ўмовах здзяйснення гэтых правапарушэнняў і пры неабходнасці вызначыць дадатковыя меры ўздзеяння, каб пераламіць негатыўную тэндэнцыю.