Комплекс Віцебскага кадэцкага вучылішча неабходна развіваць - А.Косінец

1 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Комплекс Віцебскага кадэцкага вучылішча неабходна развіваць. Такое меркаванне выказаў сёння падчас наведвання ўрачыстай лінейкі з нагоды пачатку новага навучальнага года ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Падрыхтоўка любога спецыяліста пачынаецца яшчэ з ранняга ўзросту: у дзіцячым садзе, затым школе і далей - установе прафтэхадукацыі або ВНУ. Асаблівая роля ў гэтым працэсе належыць Віцебскаму кадэцкаму вучылішчу, мэта якога - выхоўваць высокамаральных людзей, патрыётаў, адданых сваёй Айчыне", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. У Віцебскім кадэцкім вучылішчы пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама пабудаваны тэнісны корт, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, гімнастычны гарадок, хакейная пляцоўка. Па ініцыятыве Беларускай федэрацыі футбола ў 2008 годзе на школьным стадыёне ўкладзена штучнае пакрыццё. У рамках прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" пабудаваны культурна-аздараўленчы цэнтр, які ўключае ў сябе актавую залу на 300 месцаў, спартыўную залу, плавальны басейн, два трэнажорныя залы і іншыя дапаможныя памяшканні. Цяпер па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме тут плануецца пачаць будаўніцтва спальнага корпуса на 200 месцаў з харчаблокам. Праектна-каштарысная дакументацыя на аб'ект ужо гатова. Аляксандр Косінец даручыў дапрацаваць яе з тым, каб спальны корпус быў разлічаны на 300 дзяцей, што ў будучыні дазволіць павялічыць набор вучняў, а таксама ў найкароткія тэрміны завяршыць будаўніцтва строявога плаца для кадэтаў. "Навучэнцам дадзенай установы адукацыі варта больш удзяляць увагі фізічнай, страявой і ваеннай падрыхтоўцы, а для гэтага неабходны таксама ўласная парашутная вышка і цір", - дадаў Аляксандр Косінец. Іх будаўніцтва, па даручэнні губернатара, будуць уключаны ў план развіцця комплексу вучылішча. Віншуючы педагогаў, бацькоў і кадэтаў з Днём ведаў, Аляксандр Косінец падкрэсліў, што 1 верасня - гэта свята, якое звязана з кожнай сям'ёй. "У Віцебскай вобласці сёлета за парты сядуць каля 108 тысяч школьнікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. першакласнікаў. Развіццё адукацыі ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтнай дзяржаўнай задачай, і ў паўночным рэгіёне краіны гэтаму пытанню ўдзяляецца сур'ёзная ўвага. Так, на фінансаванне сістэмы адукацыі ў бягучым годзе ў бюджэце вобласці выдзелена Br2,5 трлн., або 26% бюджэту вобласці", - адзначыў губернатар.-0-