Комплексны мэдычны агляд вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны завяршыўся ў Віцебскай вобласьці
2 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Комплексны медыцынскі агляд інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны завяршыўся ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Сяргей Цыркін.
Агляд прайшлі 3783 інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 7518 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў - усе грамадзяне, якія адносяцца да гэтых катэгорый. Для іх распрацаваны індывідуальныя праграмы медыцынскай рэабілітацыі, якія рэгламентуюць мерапрыемствы медыцынскага, лекавага, санаторна-курортнага забеспячэння, а таксама зубапратэзавання і слыхапратэзавання. Стацыянарнае лячэнне прайшлі 835 інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, 463 былыя вязні канцлагераў. Для паляпшэння стацыянарнага абслугоўвання ветэранаў у бальніцах вобласці выдзелена 186 палат для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны на 452 ложкі. На дыспансерным назіранні ў медыцынскіх установах вобласці знаходзяцца звыш 1,5 тыс. інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.
У Віцебскай вобласці працягваецца абследаванне бытавых і жыллёвых умоў ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай. Па распараджэнні аблвыканкама на працягу красавіка ўсім, хто мае патрэбу, будзе аказана дапамога. У Віцебскай вобласці, паводле даных на пачатак бягучага года, пражывалі 6735 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. -0-