Канфіскацыя аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў пачнецца ў 2013 годзе

Канфіскацыя аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў пачне ажыццяўляцца з 2013 года, паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Складаная працэдура падрыхтоўкі законапраекта завершана, праект прадстаўлены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Пасля гэтага ён будзе ўнесены на разгляд дэпутатаў Нацыянальнага сходу, растлумачыў генпракурор.

"Пракуратура настойвае на тым, каб, як толькі ў чалавека за рулём пацвярджаецца факт алкагольнага ап'янэння, транспартны сродак канфіскоўваць, а таксама выступае за ўзмацненне адказнасці за гібель людзей. Аднак увасабленне ў практыку гэтых прапаноў будзе залежаць ад заканадаўца", - падкрэсліў генпракурор.

Як паведамлялася раней, Генеральная пракуратура Беларусі сумесна з Міністэрствам юстыцыі падрыхтавала законапраект, у якім прапануецца канфіскоўваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў толькі ў межах крымінальнай адказнасці.

БЕЛТА