Канкурэнтаздольнасць беларускай радыёэлектронікі на ўнутраным і знешнім рынках пастаянна расце
5 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Канкурэнтаздольнасць беларускай радыёэлектронікі на ўнутраным і знешнім рынках пастаянна расце. Пра гэта паведаміў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Генадзь Свідзерскі падчас наведвання выстаўкі новай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, арганізаванай на базе ААТ "Віцязь".
Па словах намесніка міністра, сёння беларускія прадпрыемствы могуць вырабляць адпаведную сусветнаму ўзроўню тэхніку, якая будзе канкурэнтаздольная на ўнутраным і знешнім рынках. На гэта арыентавана ўся работа. У якасці прыкладу ён прывёў сумесную вытворчасць "Мідея-Гарызонт", арганізаваную беларускім прадпрыемствам і кітайскай кампаніяй. Яшчэ адным сведчаннем паспяховасці работы можа служыць дзейнасць ЗАТ "Атлант". "У 2009 і 2010 годзе прадпрыемства паставіла вялікія партыі халадзільнікаў у Германію - рынак, ужо перанасычаны бытавой тэхнікай. Гэта і ёсць пацвярджэнне адпаведнасці прадукцыі сусветным патрабаванням", - падкрэсліў Генадзь Свідзерскі.
Адной з найважнейшых задач, якія стаяць сёння перад прадпрыемствамі Мінпрама, з'яўляецца неабходнасць забеспячэння машына- і трактарабудавання шматфункцыянальнай якаснай электронікай уласнай вытворчасці. "Гэтая работа вядзецца. Аднак заводы, якія выпускаюць гэту прадукцыю, павінны пастаўляць яе не толькі на МАЗ, МТЗ і ў Расію, а праводзіць сертыфікацыю і асвойваць новыя рынкі", - адзначыў Генадзь Свідзерскі.-0-