Конкурс дранікаў і пошукі сакральнага месца ў доме. Як на Ушаччыне прайшло свята беларускай хаты?

Конкурс драников и поиски сакрального места в доме. Как на Ушаччине прошел праздник белорусской хаты?
Раённае свята беларускай хаты прайшло на Ушаччыне ў аграгарадку Глыбачка. Усіх жыхароў населенага пункта і гасцей з навакольных вёсак запрасілі на пляцоўку перад сельскім Домам культуры, дзе разгарнуліся розныя выставы, стаялі сталы з хатнімі прысмакамі і лаўкі для гледачоў. А цэнтрам святочнай дэкарацыі стала беларуская хата, такая, у якой спрадвеку жылі нашы продкі.
 

– Гэта збіральны вобраз традыцыйнага беларускага дома. Вядома, моладзь жыве па-сучаснаму, а старэйшае пакаленне па-ранейшаму ўпрыгожвае пакоі рушнікамі, саломнымі павукамі, выкарыстоўвае начынне з лазы, саломы і гліны. Я ведаю людзей, якія карыстаюцца дзядоўскімі маслабойкамі і перакананыя, што масла ад ручнога ўзбівання атрымліваецца самае смачнае, – расказвае дырэктар сельскага Дома культуры Алена Камовіч.

Таму, калі аграгарадку прапанавалі выбраць свой культурны брэнд, глыбачане вырашылі, што гэта будзе беларуская хата. Менавіта ёй і прысвяцілі сваё свята. Як патлумачыла дырэктар Ушацкага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Макрыдзіна, такая форма арганізацыі культурнага вольнага часу сельскіх жыхароў, якая рэалізуецца ў межах Года малой радзімы, найбольш прывабная і адпавядае запытам людзей. Калі раней праводзіліся дні вёсак, якія былі падобныя адзін на аднаго, то цяпер у аграгарадкоў ёсць магчымасць паказаць сваю арыгінальную праграму. У межах новага праекта сёлета ў Веркудах прайшло свята возера, у Вялікіх Дольцах – малака, у Матырыне – рушніка. У Кублічах плануюць апяваць беларускую бульбу, у Арэхоўне – бліны. І ўсё гэта не выпадковы выбар тэмы, кожны населены пункт прапаноўваў у якасці брэндаў тое, што яму бліжэй, чым славіцца.

У Глыбачку шануюць народныя звычаі і традыцыі, у мясцовай школе ёсць куток беларускага побыту, у Доме культуры створаны дзіцячы фальклорны калектыў і вакальная група «Рукшаніца». Дарэчы, родам з гэтых мясцін беларускі паэт-дэмакрат Фелікс Топчэўскі, які падпісваўся псеўданімам «Хвэлька з Рукшаніц». У канцы мінулага года на мясцовых могілках, дзе пахаваны паэт, усталявалі інфармацыйную памятную дошку.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пра людзей, што праславілі Глыбачку, расказала старэйшыня аграгарадка Марыя Папельская. Адзін з іх – самадзейны мастак, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Дзям'ян Крупеня, які заняў ганаровае месца на свяце і ўпрыгожыў беларускую хату сваімі жывапіснымі палотнамі, што праслаўляюць родныя мясціны. З цёплымі словамі звярнуліся да жыхароў намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч і старшыня Глыбачанскага сельсавета Віктар Шэрстнёў.

Святочная праграма была насычана конкурсамі, канцэртнымі нумарамі, расказамі пра тое, як беларусы спрадвеку будавалі і ўладкоўвалі свой дом, кожны куток якога меў сваё функцыянальнае і сакральнае прызначэнне. Параднай часткай хаты быў чырвоны вугал з абразамі, які ўпрыгожвалі рушнікамі. Гэта месца прызначалася самым паважаным гасцям і гаспадару дома. Тут ставілі апошні сноп новага ўраджаю, а падчас вяселля сядзелі маладыя. Прастору паміж печчу і тарцовай сцяной займаў насціл для адпачынку, над якім мацаваліся полаці, дзе звычайна спалі старыя. Уздоўж сцен стаялі лаўкі, у кухонным вугле – шафка для посуду, ложкавы і лаўка для вядра з вадой. Перад печчу звычайна былі прымацаваныя да бэлек перакрыцця жэрдкі, шасты, на якіх сушылася адзенне, ручнікі і пучкі травы.

Беларуская хата заўсёды славілася гасціннасцю, на свяце яе прадэманстравалі мясцовыя гаспадыні, якія прыгатавалі для аднавяскоўцаў традыцыйныя беларускія стравы і ўладкавалі конкурс на самыя смачныя дранікі.

"Віцебскія весці".