Абвешчаны конкурс інвестыцыйных праектаў сярод прадпрымальнікаў для аказання дзяржпадтрымкі ў Віцебскай вобласці
3 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Конкурс інвестыцыйных праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва для аказання дзяржаўнай падтрымкі абвешчаны ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цветкаў.
Яго пераможцам будзе прадастаўлена фінансавая падтрымка для набыцця абсталявання, спецыяльных прылад і прыстасаванняў, закупкі камплектуючых вырабаў, сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці. Фінансавая падтрымка аказваецца ў выглядзе субсідый для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, субсідый для пакрыцця расходаў на выплату лізінгавых плацяжоў па дагаворах лізінгу. Заяўка і неабходныя дакументы прымаюцца да 15 верасня.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу прыярытэт будзе аддавацца праектам, якія прадугледжваюць стварэнне, развіццё і пашырэнне вытворчасці тавараў і паслуг, арганізацыю і развіццё вытворчасці экспартаарыентаванай, імпартазамяшчальнай прадукцыі, выпуск энерга- і рэсурсазберагальнай прадукцыі, укараненне новых тэхналогій, стварэнне новых працоўных месцаў.
Крыніцай фінансавання выступаюць сродкі абласнога бюджэту, прадугледжаныя ў праграме дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў Віцебскай вобласці на 2010-2012 гады.
Пераможцы стануць вядомыя ў пачатку кастрычніка.-0-