Конкурс амататарскага кіно імя Юрыя Тарыча можа атрымаць рэспубліканскі статус
Адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно" у Полацку можа атрымаць рэспубліканскі статус. Пра гэта паведаміў памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк на сесіі абласнога Савета дэпутатаў па пытаннях рэалізацыі асноўных напрамкаў закона аб культуры.
"У Полацку праходзіць конкурс "Я здымаю кіно" імя Юрыя Тарыча. Разглядаецца пытанне, каб мерапрыемства атрымала рэспубліканскі статус, - сказаў Аляксандр Пазняк. - Мне здаецца, што трэба надаць новы імпульс для развіцця гэтага конкурсу, каб ён стаў адным з галоўных у краіне. У конкурсу ёсць для гэтага ўсе падставы: імя Юрыя Тарыча, жаданне арганізатараў, падтрымка на рэспубліканскім узроўні". Конкурс "Я здымаю кіно" накіраваны на садзейнічанне папулярызацыі самадзейнага кінавідэамастацтва, выяўленне новых талентаў і творчых асоб. У ліку арганізатараў мерапрыемства Полацкі райвыканкам, Полацкі філіял тэлекампаніі "Скіф", ДП "Полацкая кінавідэасетка", партнёры - Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Інстытут журналістыкі БДУ.
Ураджэнец Полацка Юрый
Віктаравіч Тарыч (сапраўднае прозвішча Аляксееў, 1885-1967) – вядомы савецкі кінарэжысёр і сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР. З яго імем звязана нараджэнне і станаўленне беларускай кінематаграфіі, фарміраванне ідэйна-мастацкіх прынцыпаў развіцця кінамастацтва.
Алена Ціханава, БелТА.