Конкурс аматарскага кіно ў Полацку ўпершыню пройдзе ў рэспубліканскім маштабе

Конкурс любительского кино в Полоцке впервые пройдет в республиканском масштабе
Праект, які з'явіўся дзякуючы энтузіязму арганізатараў, за кароткі тэрмін атрымаў падтрымку на дзяржаўным узроўні і стаў заўважнай падзеяй культурнага жыцця краіны. У чым сакрэт такога поспеху?

Здымаюць усе!

Аматарскае кіно сёння становіцца ўсё больш даступным і папулярным відам творчасці. Дзякуючы імкліваму развіццю тэхналогій зняць свой фільм на лічбавую камеру ці нават смартфон пры жаданні можа кожны.

Аб'яднаць і падтрымаць таленавітых людзей, стварыць спрыяльную глебу для з'яўлення новых зорак нацыянальнага кінематографа – такую мэту і паставілі перад сабой чатыры гады таму арганізатары конкурсу.

На самым пачатку шляху свае намаганні для прасоўвання праекта аб'ядналі дырэктар Полацкай кінавідэасеткі Феактыст Фядотаў, рэдактар Полацкага філіяла рэгіянальнай тэлекампаніі «Скіф» Аляксей Голубеў і намеснік начальніка, а цяпер начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Алена Астапава.

– Мы нават не чакалі, – успамінае Алена Аляксандраўна, – што наша ініцыятыва акажацца настолькі запатрабаванай. Высветлілася, што людзі, якія любяць здымаць кіно, не хочуць варыцца ў уласным соку і зацікаўлены ў зносінах, а магчымасцей для гэтага ў іх недастаткова. Наш аргкамітэт проста засыпалі прапановамі па далейшым развіцці конкурсу.


Полачане першымі ў Беларусі прапанавалі аўтарам аматарскага фільма пляцоўку для абмену досведам.


Ідэю падтрымалі аўтарытэтныя партнёры з Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

 

Арганізатары конкурсу Аляксей Голубеў (першы злева) і Алена Астапава (трэцяя злева) з лаўрэатамі 2015 года

А ўбачыўшы, якім папулярным становіцца фестываль, узяць яго пад сваё крыло вырашылі і ў Міністэрстве культуры. Сёлета пастановай Савета Міністраў конкурс «Я здымаю кіно» атрымаў рэспубліканскі статус і быў занесены ў пералік мерапрыемстваў, значных для ўсёй краіны.

З імем Тарыча

Конкурс мае гістарычныя карані. Менавіта ў Полацку нарадзіўся выдатны рэжысёр і сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР Юрый Тарыч – заснавальнік беларускай кінематаграфіі.

У 1926 годзе Юрый Віктаравіч зняў першы айчынны ігравы фільм «Лясная быль», які трапіў у залаты фонд сусветнага кіно. Самая вядомая карціна майстра «Крылы халопа» дэманстравалася ў краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі і стала адпраўной кропкай для творчасці многіх савецкіх і расійскіх рэжысёраў.

Лічыцца, што Юрый Тарыч вынайшаў крылы для беларускага кіно, якія дапамаглі лятаць наступным пакаленням кінематаграфістаў. І сёння конкурс яго імя акумулюе энергію таленавітай моладзі, дапамагаючы ёй расправіць крылы для працягу творчага палёту.

У 2010 годзе каля полацкага кінатэатра «Радзіма» на сродкі «Беларусьфільма» быў адкрыты бюст Юрыю Тарычу, арганізацыя фестывалю стала наступным крокам па ўшанаванні яго памяці.

Наяўнасць дыпломаў конкурсу з'яўляецца сур'ёзным бонусам пры паступленні ў акадэмію мастацтваў. І тыя, у каго ёсць жаданне ператварыць любімую справу ў прафесію, цалкам могуць гэтым скарыстацца.

Іншы ўзровень

Калі першы конкурс сабраў усяго 12 удзельнікаў, то трэці _ у пяць разоў больш. У мінулым годзе на адрас аргкамітэта было даслана 158 творчых работ з 7 краін − Беларусі, Расіі, Германіі, Казахстана, Латвіі, Грузіі, Малдовы. Усплёску актыўнасці спрыяла стварэнне афіцыйнага сайта (http://snimaukino.ru/), дзе размешчана ўся інфармацыя аб мерапрыемстве, а таксама адкрыццё спецыяльнай групы «ВКонтакте».

Члены журы канстатавалі таксама вялікі якасны скачок. У конкурсе ўдзельнічалі не толькі выдатныя дакументальныя і пастановачныя фільмы, але і цудоўныя работы ў галіне рэкламы, эсэ, сацыяльныя ролікі і музычныя кліпы.


Ужо даслана больш за 50 работ з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Германіі


Сёлета, як расказаў Аляксей Голубеў, на конкурс ужо даслана больш за 50 работ з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Германіі.

Прыём заявак працягваецца да 10 лістапада ў дзевяці намінацыях, з якіх адна – тэматычная. Тэма «Ад Полацка пачаўся свет…» выбрана з улікам знакавых юбілейных дат – 1155-годдзя старажытнага горада і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Работы могуць быць выкананы ў любым жанры ў гульнявой, няігравой, анімацыйнай або змешанай формах. Узрост удзельнікаў не абмяжоўваецца.

Дапушчаныя да ўдзелу фільмы будуць дэманстравацца ў эфіры тэлепраграмы «Скіф-Полацк», і тэлегледачы таксама змогуць аддаць за іх свае галасы. Заслужаныя ўзнагароды пераможцы і лаўрэаты атрымаюць на падвядзенні вынікаў конкурсу 17 снежня.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аблвыканкам, Полацкі райвыканкам, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».