Конкурс музычнай крытыкі ўпершыню пройдзе на фестывалі Салерцінскага ў Віцебску
На конкурс музычнай крытыкі прыйшло каля 20 заявак з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Мінска, Гродна, Магілёва і Ліды. Работы маладых людзей ужо вывучае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі мастацтвазнаўцы і музыказнаўцы з Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І.Салерцінскага і не толькі. "Конкурс музычнай крытыкі мы праводзім у гонар 120-годдзя І.І.Салерцінскага, найвялікшага музыказнаўца і мастацтвазнаўца свайго часу. Юныя музыказнаўцы не спалохаліся бліскучага журы і падалі заяўкі, - адзначыла Таццяна Савіцкая. - Пакуль гэта ўдзельнікі з Беларусі, але ўжо ў наступным годзе мы спадзяемся вывесці і новы конкурс на міжнародны ўзровень".
Пераможца конкурсу музычнай крытыкі выступіць разам з дасведчанымі і аўтарытэтнымі мастацтвазнаўцамі падчас XXI Навуковых чытанняў на фестывалі, дзе і пройдзе цырымонія ўзнагароджання. Як адзначаюць арганізатары, конкурс дазволіць выявіць таленавітую моладзь і стане для яе дадатковым стымулам.
"Міжнародны музычны фестываль імя І.І.Салерцінскага - гэта заўсёды сустрэча з лепшымі музыкамі сучаснасці, ужо знаёмымі і новымі для віцебскага слухача музыкамі. Напрыклад, сёлета ў Віцебск прыязджае Дзамболат Дулаеў - барытон з Расіі, пераможца VI Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева. Упэўнена, што ўсім без выключэння будзе цікава паслухаць гэтага выканаўцу. Адкрыюць фестываль скрыпач Ілья Козлаў, піяніст Павел Тоўпіч і віяланчэлістка Наталля Няскорамная. Яны падрыхтавалі для віцебскай публікі вельмі цікавую праграму: у іх выкананні прагучыць музыка толькі вялікіх кампазітараў, такіх як Паганіні, Моцарт, Шастаковіч, Гайдн", - сказала дырэктар абласной філармоніі.
Яна адзначыла, што ў Віцебску з нецярпеннем чакаюць прыезду мастацтвазнаўцы з Санкт-Пецярбурга, вялікага сябра фестывалю Дзмітрыя Іванавіча Салерцінскага, сына вядомага музыказнаўцы Івана Іванавіча Салерцінскага, які нарадзіўся і вучыўся ў Віцебску.
Адным з грандыёзных вечароў стане канцэрт закрыцця фестывалю, дзе выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. "Яны сыграюць Сяргея Рахманіна "Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам №2", саліст Аляксандр Музыкантаў. І ў другім аддзяленні выканаюць уверцюру-фантазію па Шэкспіру П.І.Чайкоўскага "Рамэо і Джульета", а таксама сімфанічную фантазію па Дантэ "Франчэска да Рыміні".
Традыцыйнымі для фестывалю стануць канцэрт выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І.Салерцінскага, а таксама выстава плакатаў студэнтаў кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
XXXI Міжнародны музычны фестываль імя І.І.Салерцінскага пройдзе ў Віцебску з 2 па 16 снежня.
"БЕЛТА"