Конкурс на найлепшую ляльку-беларусачку абвешчаны ў Год роднай зямлі ў Дубровенскім раёне

26 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ляльку-беларусачку створаць у Год роднай зямлі ў Дубровенскім раёне (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Дубровенскага райвыканкама. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе ахвотныя — як прафесійныя майстры і народныя ўмельцы, так і проста творчыя асобы. Арганізатары не абмяжоўваюць удзельнікаў строгімі патрабаваннямі. Дазволена выкарыстоўваць любыя матэрыялы — гліну, дрэва, тканіны, ніткі і інш. Узрост і памер цацкі аўтары таксама выбіраюць на сваё меркаванне: лялька можа быць вясковым падлеткам-пастушком, маладзенькай панначкай, паспяховай княгіняй або сталай матронай-гараджанкай. Галоўнае, каб яна адлюстроўвала беларускі менталітэт і была апранута ў нацыянальны касцюм, па магчымасці, дубровенскага строю адзення. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў чэрвені на міжнародным фестывалі песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дубровне". Усе работы прадставяць на выставе ў раённым Доме культуры, падчас якой жыхары раёна, госці, удзельнікі форуму, а таксама члены журы змогуць ацаніць майстэрства ўдзельнікаў конкурсу. Лепшая лялька атрымае імя "Дубравушка" і зойме ганаровае месца ў экспазіцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея, фонды якога ў цяперашні час фарміруюцца. Яе аўтар, а таксама стваральнікі двух іншых лялек, якія занялі другое і трэцяе месцы, будуць адзначаны каштоўнымі прызамі. Узнагароды чакаюць таксама ўдзельнікаў, творы якіх стануць пераможцамі ў намінацыях "Самая арыгінальная работа", "Лепшае ўвасабленне нацыянальнай ідэі" і "Прыз гледачоў" (галасаванне пройдзе падчас працы выставы). У аддзеле культуры адзначылі, што лёс астатніх цацак пакуль не вырашаны. Верагодна, іх вернуць аўтарам. У якасці альтэрнатывы разглядаецца магчымасць правядзення аўкцыёну і іншыя варыянты.-0-