Конкурс швеяў і майстрых упершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці
9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Конкурс швачак і краўцоў, якія працуюць у сферы аказання паслуг, упершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік установы "Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці" Паліна Судзілоўская.
Да ўдзелу ў конкурсе запрошаны не толькі майстры індывідуальнага пашыву са службы побыту, але і прадпрымальнікі, якія аказваюць насельніцтву такія паслугі. На думку Паліны Судзілоўскай, спаборніцтва паміж прадстаўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватнага бізнесу падштурхне і тых, і іншых да прафесійнага ўдасканалення і пойдзе на карысць радавому спажыўцу. У Віцебскай вобласці, паводле даных статыстыкі, працуюць 140 швейных майстэрняў, атэлье, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць паслугі па рамонце і пашыве, з іх толькі 27 уваходзяць у сістэму службы побыту, астатнія - недзяржаўнай формы ўласнасці.
Прафесійны конкурс пройдзе восенню, аднак яго ўдзельнікі ўжо прыступілі да эскізнай падрыхтоўкі калекцый адзення - паўсядзённай, дзелавой, для спорту і адпачынку. На першым этапе мастацкаму савету, у склад якога запрошаны прафесійныя дызайнеры, трэба будзе адабраць эскізы, якія затым ператварацца ў гатовыя вырабы і будуць прадстаўлены аўтарамі на конкурс.
У апошнія гады ў вобласці намяцілася тэндэнцыя да росту аб'ёму паслуг па індывідуальным пашыве. "Адзенне ад добрага краўца заўсёды было больш прэстыжным, чым калекцыі прэт-а-партэ, і цяпер мы зноў канстатуем попыт на індывідуальны пашыў", - адзначыла Паліна Судзілоўская. Толькі за 11 месяцаў 2009 года ў вобласці аказана паслуг па індывідуальным пашыве і рамонце адзення на Br4,5 млрд.
Разам з тым для больш якаснага аказання паслуг неабходна высокая прафесійная падрыхтоўка майстроў і сучаснае абсталяванне. Спецыяльна для закройшчыкаў і швачак упраўленне бытавых паслуг сумесна з адным з прафесійна-тэхнічных ліцэяў праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі, дзе курсантаў знаёмяць з моднымі тэндэнцыямі і навучаюць працы са спецыяльнымі камп'ютарнымі праграмамі, якія дазваляюць за лічаныя хвіліны правесці разлік і вырабіць чарцяжы выкраек.
У бягучым годзе абласная служба побыту ўзяла курс на тэхнічнае перааснашчэнне швейных і трыкатажных атэлье. Значная частка сродкаў з інавацыйнага фонду будзе накіравана на набыццё новага абсталявання.-0-