Конкурс снежных скульптур «Снежная феерыя-2019» прайшоў у Віцебску на Дзень снегу
Аўтарамі снежных скульптур, сэлфі на фоне якіх на выхадных запаланілі стужкі сацсетак віцяблян, сталі педагогі абласнога цэнтра. Згадзіцеся, нельга абыякава прайсці міма майстэрску вылепленага талісмана II Еўрапейскіх гульняў лісяняці Лесіка ці не захаваць сябе побач са смешным парасяткам, якое купаецца ў зімовай ванне, іншымі казачнымі персанажамі? Права прадставіць сваю творчасць на галоўнай пляцоўцы Віцебска атрымалі пераможцы раённых тураў гарадскога конкурсу «Снежная феерыя», арганізаванага аддзелам па адукацыі гарвыканкама. У выніку гараджан цешаць больш за 25 скульптур.
Пераможцаў вызначалі ў трох намінацыях. Сярод сюжэтных кампазіцый на тэму Года малой радзімы, журы прызнала лепшай снежную інсталяцыю «Спатканне з Віцебскам» педагогаў гімназіі №3 ім. А. Пушкіна, серабро падзялілі дзве каманды прадстаўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі Кастрычніцкага раёна, якія вылепілі трактар «Беларус» і Віцебскую Ратушу.
Трэцяе месца занялі педагогі-«дашкольнікі» Чыгуначнага раёна з кампазіцыяй «Зямля пад белымі крыламі». У намінацыі «Суперснегавік» перамог «Снегавік-спартсмен» СШ №46, яго «калегі» «Чэмпіён» і «Біяатланіст» (аўтары – гімназіі №1 і №7) сталі другімі.
Вынік калектыўнай творчасці супрацоўнікаў дзіцячых садкоў Чыгуначнага раёна – «Лыжнік» – замкнуў тройку лідараў судзейскага галасавання.
Аўтарамі найлепшай казачнай фігуры стала каманда Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая крэатыўна ўвасобіла вобраз Снягуркі. «Тры парасяці» ад прадстаўнікоў дзіцячых садкоў Чыгуначнага раёна занялі другое месца, а трэцяе падзялілі «Белы мядзведзь» ад СШ №25 і «Зімовае цуд» ад гімназіі №1.
Пакуль журы ацэньвала конкурсныя работы, гледачы і ўдзельнікі свята не сумавалі, для іх абласны і гарадскі аддзелы спорту і турызму арганізавалі забавы і спартыўныя спаборніцтвы па хакеі, міні-футболе на снезе, дартсе, перацягванні каната, армрэстлінгу і гіравым спорце, а таксама зімовую спартландыю.