Конкурс салістаў-вакалістаў фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня-2010" пройдзе 9-10 красавіка ў Лепелі
6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Турнір салістаў-вакалістаў рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня-2010" пройдзе 9-10 красавіка ў Лепелі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Лепельскага райвыканкама Тамара Бароха.
У конкурсе возьмуць удзел 24 навучэнцы 3-10 класа з усіх рэгіёнаў краіны, якія сталі пераможцамі раённых і абласных тураў. Віцебскую вобласць прадставяць 7 юных талентаў, сярод якіх - удзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву "Сунічкі" (Лепельскі раён), "Нежачкі" (Россонскі раён) і "Знічкі" (Полацкі раён).
Школьнікам трэба будзе выканаць музычны твор на любым народным інструменце, праспяваць, а таксама паспаборнічаць у майстэрстве ствараць выцінанкі. Пераможцы будуць названы 10 красавіка на заключным гала-канцэрце. Акрамя ганаровых дыпломаў і прызоў іх чакае ўдзел у заключным этапе фестывалю, які адбудзецца ў маі ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці і збярэ пераможцаў іншых конкурсных этапаў. -0-