Абвешчаны конкурс сувеніраў у Браслаўскім раёне
11 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Конкурс на лепшы сувенір абвешчаны ў Браслаўскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Валянціна Высоцкая.
Да ўдзелу ў адкрытым конкурсе "Браслаўскі сувенір-2010" запрашаюцца ўсе ахвотныя: мастакі, дызайнеры, народныя майстры, прадпрыемствы і арганізацыі. Яны могуць прадставіць любую працу. Адзіная ўмова: сувенір павінен быць звязаны з Браславам і адпаведна змяшчаць атрыбутыку горада ці раёна. Працы прымаюцца да 15 красавіка.
Пераможцы конкурсу будуць абвешчаны ў маі на міжнародным свяце традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы". Тры лепшыя аўтары атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі, а іх сувеніры стануць падарункамі для ганаровых гасцей і ўдзельнікаў міжнароднага форуму. Акрамя таго, арганізатар конкурсу, Браслаўскі райвыканкам, будзе садзейнічаць у прасоўванні прадукцыі пераможцы, які заняў першае месца, адзначыла Валянціна Высоцкая.
Конкурс прымеркаваны да 70-годдзя ўтварэння Браслаўскага раёна і 945-годдзя Браслава.-0-