Канцэлярыя Латвіі ў Віцебску будзе прымаць толькі электронныя візавыя анкеты

14 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску будзе прымаць заявы на шэнгенскія візы толькі з электроннымі анкетамі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік консульства Дагнія Лацэ-Атэ. Пачынаючы з 21 мая бягучага года, консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску будзе прымаць выключна электронныя візавыя анкеты. Рашэнне аб гэтым было прынята пасля паспяховага пачатку прыёму такіх анкет ад груп больш за пяць чалавек і імклівага росту колькасці заяў з электроннымі анкетамі ад індывідуальных асоб. Падобная практыка консульскіх службаў у Мінску і іншых краінах СНД таксама аказалася станоўчай. Па словах Дагніі Лацэ-Атэ, увядзенне электронных анкет для падачы дакументаў на шэнгенскую візу дасць магчымасць консульству паскорыць працу па разглядзе заяў і абслугоўванні наведвальнікаў, што вельмі важна напярэдадні турыстычнага сезону. Выкарыстанне візавых электронных анкет палегчыць далейшае запаўненне анкет грамадзянамі, паколькі ўнесеныя даныя можна будзе выкарыстоўваць паўторна. Як падкрэсліла кіраўнік консульства, спосаб запаўнення анкеты - адзінае змяненне ў працэдуры падачы дакументаў на шэнгенскую візу. Запаўненую, надрукаваную і падпісаную анкету разам з атрыманым штрыхкодам, а таксама пашпарт і іншыя дакументы неабходна асабіста падаваць у консульстве Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску. Электронныя анкеты для падачы дакументаў на шэнгенскую візу размешчаны на сайце Упраўлення па справах грамадзянства і міграцыі Латвійскай Рэспублікі.-0-