Кантрабандыстам не ўдалося пераправіць у Латвію буйную партыю беларускіх цыгарэт
26 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кантрабандысты ў чарговы раз паспрабавалі выкарыстаць паўвагоны з вуглём для перапраўкі беларускіх цыгарэт за мяжу. Спробу перамяшчэння з Рэспублікі Беларусь у Латвійскую Рэспубліку 19,5 тыс. пачак цыгарэт спынілі вайскоўцы Полацкага пагранатрада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік прэс-службы атрада Дзяніс Глебко.
Пры даглядзе грузавога чыгуначнага саставу на станцыі Бігосава (Верхнядзвінскі раён) было выяўлена 39 скрынь з цыгарэтамі "Партфель" з беларускімі акцызнымі маркамі ў паўвагоне з вуглём. Выяўленыя цыгарэты ацэнены ў Br39 млн. Асобы, датычныя да гэтага правапарушэння, устанаўліваюцца.
Гэта не першае затрыманне буйных партый цыгарэт на мяжы. Толькі ў маі і чэрвені бягучага года вайскоўцамі Полацкага пагранатрада было выяўлена больш за 45 тыс. пачак кантрабандных цыгарэт.-0-