Кантракты амаль на $350 млн. заключаны падчас інвестыцыйнага форуму ў Віцебску
21 сакавіка, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. На міжнародным бізнес-форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці", які завяршыў працу 20 сакавіка, заключаны кантракты на агульную суму каля $350 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец у ходзе рабочага аб'езду абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На яго думку, інвестыцыйныя форумы даюць добрую магчымасць, каб пазнаёміцца з эканамічным патэнцыялам рэгіёнаў. "Інвестары яшчэ вельмі мала ведаюць пра Віцебскую вобласць", - дадаў губернатар. Віцебскі аблвыканкам мае намер правесці чарговы бізнес-форум ужо ў верасні бягучага года.
У рабоце форуму, які завяршыўся, прынялі ўдзел прадстаўнікі дзелавых колаў і дыпламатычных місій амаль 20 дзяржаў. Раённымі і гарадскімі выканкамамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі вобласці заключана 44 дагаворы і пагадненні. Па словах Аляксандра Косінца, патэнцыйныя інвестары таксама пачалі вывучаць магчымасці арганізацыі сумеснай прадпрымальніцкай дзейнасці з некалькімі прадпрыемствамі машынабудавання.-0-