Канцэпцыя развіцця аховы здароўя на перыяд да 2015 года распрацоўваецца ў Віцебскай вобласці
5 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Канцэпцыя развіцця аховы здароўя на перыяд да 2015 года распрацоўваецца ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
Канцэпцыя будзе накіравана на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне, укараненне сучасных медыцынскіх тэхналогій, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў. Адзіныя падыходы да развіцця медыцынскай галіны ў рэгіёне таксама дазволяць рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, упэўнены суразмоўца.
У 2010 годзе з бюджэту вобласці толькі на першачарговыя мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніц і паліклінік будзе выдзелена больш за Br20 млрд. Гэтыя сродкі прадугледжваецца накіраваць на рэканструкцыю двух тэрапеўтычных корпусаў, мадэрнізацыю будынка аперацыйнага блока на 6 аперацыйных і аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, капітальны рамонт абласной клінічнай бальніцы і абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы. Сярод першачарговых аб'ектаў Юрый Дзеркач таксама назваў Віцебскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і гарадскую цэнтральную дзіцячую паліклініку ў Віцебску. Акрамя бюджэтных сродкаў для рэалізацыі планаў па перааснашчэнні лячэбных устаноў плануецца знайсці і іншыя крыніцы фінансавання.-0-