Канцэрн "Белбіяфарм" плануе да 2015 года рэалізаваць 5 праектаў з інвестыцыямі ў Br600 млрд.

8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Канцэрн "Белбіяфарм" плануе ў 2010-2015 гадах рэалізаваць 5 інвестыцыйных праектаў з сумарным аб'ёмам фінансавання каля Br600 млрд. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна "Белбіяфарм" Уладзімір Гапановіч на VIII з'ездзе фармацэўтаў Беларусі, які праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усе праекты накіраваны на ўкараненне ў вытворчасць новых лекавых прэпаратаў. Так, на ААТ "Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў" будзе створана вытворчасць цвёрдых лекавых форм. Новае фармацэўтычнае прадпрыемства "Белвітуніфарм" узводзіцца ў Віцебску. На РУП "Белмедпрэпараты" плануецца рэалізаваць два праекты - рэканструяваць вытворчасць проціпухлінных сродкаў у форме ліяфілізавана высушаных парашкоў і раствораў для ін'екцый і стварыць новыя, якія адпавядаюць стандартам GMP, вытворчыя магутнасці для лекавых сродкаў. РУП "Гродзенскі завод медыцынскіх прэпаратаў" пабудуе завод па вытворчасці кармавых амінакіслот для сельскай гаспадаркі. Рэалізацыя інвестпраектаў дазволіць канцэрну ў 2015 годзе давесці гадавы выпуск лекавых сродкаў да сумы не менш Br650 млрд., а долю інавацыйнай прадукцыі - да 25% агульнага аб'ёму адгружанай прадукцыі. Мяркуецца забяспечыць пастаўкі на ўнутраны рынак лекавых сродкаў на суму не менш Br450 млрд. і павысіць экспартны патэнцыял айчынных фармвытворцаў да $120 млн., або на 160% да ўзроўню 2009 года. Практычна ўсе айчынныя прадпрыемствы сёння праводзяць рэканструкцыю і мадэрнізацыю вытворчасцей, што дазволіць наладзіць выпуск новых відаў высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі і забяспечыць лекавую незалежнасць краіны, адзначыў Уладзімір Гапановіч.-0-