Канцэрт вядомага арганіста Э. Аганесяна стане фінальным акордам музычнага фестывалю ў Віцебску

22 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фінальны акорд XXII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага прагучыць сёння ў Віцебску. Своеасаблівы вынік музычнага форуму падвядзе канцэрт сусветна вядомага французскага арганіста Эдуарда Аганэсяна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ. Трэці год запар арган Віцебскай філармоніі арганічна ўпісаўся ў праграму фестывалю імя І.Салерцінскага, арганныя канцэрты карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў прыхільнікаў класічнай музыкі. На гэты раз арганізатары спецыяльна запрасілі французскага арганіста з праграмай, прысвечанай І.С.Баху і Ф.Мендэльсону-Бартольдзі. Запісы твораў менавіта гэтых кампазітараў прынеслі сусветную славу Эдуарду Аганэсяну, а яго апошні музычны запіс усіх арганных твораў Ф.Мендэльсона-Бартольдзі стаў падзеяй еўрапейскай музычнай культуры. Акрамя таго, выкананне твораў І.С.Баха прымеркавана да 325-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, якое адзначаецца ў 2010 годзе, а ўключэнне ў праграму твораў Ф.Мендэльсона-Бартольдзі служыць напамінам аб тым, што менавіта гэты кампазітар у XIX стагоддзі наноў адкрыў для шырокай публікі музыку І.С.Баха. Падводзячы папярэднія вынікі форуму, Нэлі Мацаберыдзэ адзначыла, што гэты фестываль стаў самым маштабным праектам у найноўшай гісторыі форуму як па колькасці мерапрыемстваў, так і па змястоўнасці канцэртных праграм. Арганізатарам удалося прадставіць у роўнай ступені класічную папулярную і акадэмічную музыку, а таксама сучасную класіку. На фестывалі гэтага года як ніколі раней гучала шмат фартэпіяннай музыкі, слухачы атрымалі магчымасць параўноўваць розныя выканальніцкія традыцыі. Шмат у чым гэта стала заслугай выканаўцаў, якія прадставілі публіцы нечаканае і дзіўнае прачытанне творчасці Фрэдэрыка Шапэна, Сяргея Рахманінава і іншых класікаў. Безумоўным адкрыццём фестывалю можна назваць венесуэльскіх музыкантаў Рауля Суарэса (скрыпка) і Жазэфа Авілу (фартэпіяна), якія ўпершыню выступілі на віцебскай сцэне і адразу скарылі публіку тэмпераментам і тонкім адчуваннем сучаснай класічнай музыкі. Яшчэ адной удалай знаходкай арганізатараў стала запрашэнне да ўдзелу ў фестывалі таленавітых студэнтаў і навучэнцаў музычных навучальных устаноў Віцебска, гэта будзе працягнута і ў будучыні. У XXII Міжнародным музычным фестывалі імя І.Салерцінскага прымалі ўдзел музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Францыі, Ізраіля, Фінляндыі і Венесуэлы. Усяго ў фестывальнай афішы было 10 канцэртных праграм, а таксама XII Навуковыя чытанні фестывалю імя І.Салерцінскага і XX Міжнародныя Шагалаўскія чытанні. "Правядзенне навуковых чытанняў у пашыраным фармаце паказала новыя магчымасці для музычнага фестывалю, якія могуць быць запатрабаваны пры фарміраванні праграм будучых форумаў", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ. Дарэчы, праграма фестывалю 2011 года ўжо напалову сфарміравана, чакаецца прыезд у Віцебск вялікай колькасці музычных зорак, у тым ліку арганізатары рыхтуюць сюрпрызы для прыхільнікаў арганнай і фартэпіяннай музыкі. Форум класічнай музыкі ў Віцебску з'яўляецца адзіным у Беларусі камерна-музычным фестывалем, які сінтэзуе розныя віды мастацтва. Асноўнай задачай форуму з'яўляецца прапаганда сучаснага музычнага мастацтва і традыцый класічнай музычнай спадчыны, адраджэнне вялікіх культурных традыцый Віцебска, адкрыццё новых і адраджэнне забытых імёнаў у розных відах мастацтва. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Віцебскі аблвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія".-0-