Канцэрт адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» будзе прысвечаны Году малой радзімы
Канцэрт адкрыцця XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе прысвечаны Году малой радзімы. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на галоўнага рэжысёра гала-канцэрта адкрыцця фестывалю, намесніка генеральнага дырэктара Цэнтра культуры "Віцебск" Марыну Раманоўскую.
На яе думку, гэта вельмі прыгожая тэма, якая не можа не кранаць кожнага чалавека, яна і натхніла на стварэнне праграмы пад назвай "Дом, у якім цябе заўсёды чакаюць". Акрамя таго, сёлета самому амфітэатру спаўняецца 30 гадоў.
– Мы праводзім паралель: малая радзіма ў цэлым і амфітэатр як творчы дом для вялікай колькасці артыстаў, многім з якіх "Славянскі базар" даў дарогу да прызвання, адкрыў шлях у свет мастацтва, у свет песні, – расказала Марына Раманоўская.
Канцэрт адкрыцця абяцае быць незвычайна насычаным і цікавым. У ім возьмуць удзел як "наваборцы" "Славянскага базару", так і старыя сябры фестывалю. Сярод артыстаў – зоркі з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін. Вельмі каларытным будзе выступленне пяці аркестраў – падобнае на фестывалі адбудзецца ўпершыню. Гледачоў чакае сустрэча з дзяржаўным аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, аркестрам Эміра Кустурыцы і Горана Брэговіча, аркестрам народнага артыста Расіі Алега Меншыкава, "Вівальдзі-аркестрам" пад кіраўніцтвам Святланы Безроднай.
Канцэрт закрыцця "Тры хвіліны музычнага лета" таксама падтрымае тэму Года малой радзімы, паведаміў галоўны рэжысёр гала-канцэрта закрыцця фестывалю Аляксандр Вавілаў.
Па яго словах, Летні амфітэатр – гэта месца, дзе складаліся лёсы многіх артыстаў, якія і па сённяшні дзень прыязджаюць у Віцебск, каб акунуцца ў гэтую атмасферу трох хвілін – звычайна столькі доўжыцца песня – музычнага лета.
XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 7-11 і 17-18 ліпеня.
Фота з архіва «ВВ».