Канцэртныя і конкурсныя праграмы «Славянскага базару ў Віцебску» пакажуць у прамым тэлеэфіры
У інфармацыйных выпусках на тэлеканале "Беларусь 1" увага культурных карэспандэнтаў Агенцтва тэленавін будзе прыкавана да падзей фестывалю, які ў свой юбілейны год абяцае парадаваць публіку насычанай праграмай тэатральных пастановак і кінапаказаў, тэматычнымі экскурсіямі і рамеснымі выстаўкамі, некалькімі арт-пляцоўкамі і доўгачаканымі выступленнямі любімых артыстаў з розных краін.
Будзённыя раніцы першых дзён форуму 15 і 16 ліпеня зробяць па-сапраўднаму добрымі вядучыя шоў "Добрай раніцы, Беларусь!", студыя якога разгорнецца прама ў фестывальнай сталіцы, а ў суботу, 17 ліпеня, выйдзе тэматычны выпуск ранішняй праграмы з вядомай вядучай Святланай Бароўскай. Яшчэ адным сюрпрызам ад каманды тэлеканала стане штодзённы дайджэст "Славянскага базару ў Віцебску" ў фармаце вячэрніх відэачасопісаў.
Цэнтральная эфірная падзея тэлеканала "Беларусь 1" - серыя трансляцый галоўных канцэртных праграм фестывалю і XXX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск".
Так, у першы дзень форуму, 15 ліпеня а 22.00 на канале адбудзецца паказ вялікага гала-канцэрта ўрачыстага адкрыцця XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з выступленнямі зорак сусветнай велічыні, а 16 ліпеня а 23.00 - праграмы "Душа народа - песня" святочнага гала-канцэрта "Саюзная дзяржава запрашае..." пры ўдзеле Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, Дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору імя М.Е.Пятніцкага і іншых вакальных калектываў, а таксама знакамітых галасоў эстрады.
17 ліпеня а 20.00 "Беларусь 1" прапануе гледачам падтрымаць прадстаўніка нашай краіны на XXX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" Данііла Мышковца падчас прамой трансляцыі першага дня творчага спаборніцтва - праграмы "Сусветны хіт" у суправаджэнні фанаграмы "-1" і шоу-балета Алы Духавай Todes.
18 ліпеня а 18.00 увазе гледачоў будзе прадстаўлены гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі "Крок by крок", а а 22.00 - прамая трансляцыя ўрачыстага закрыцця юбілейнага "Славянскага базару ў Віцебску" і выступленняў удзельнікаў дарослага міжнароднага конкурсу ў межах праграмы другога дня творчага спаборніцтва "Славянскі хіт" - у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркeстра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.
У эфіры сацыякультурнага канала медыяхолдынгa "Беларусь 3" пра ўсе асноўныя падзеі фестывальнага Віцебска раскажуць карэспандэнты праекта "Навіны культуры", а 17 і 18 ліпеня а 15.00 у прамым эфіры будуць паказаны першы і другі дні XIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", на якім нашу краіну прадставіць Канстанцін Мазуркевіч. У першы дзень кожны ўдзельнік выканае песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове, а ў другі - песню на свой выбар. Візуальным суправаджэннем стануць выступленні харэаграфічных калектываў.
18 ліпеня а 18.00 тэлеканал у прамым эфіры пакажа ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў дзіцячага міжнароднага конкурсу і гала-канцэрт майстроў эстрады.
Акрамя гэтага, 17 ліпеня а 21.05 на "Беларусь 3" адбудзецца дадатковы паказ гала-канцэрта ўрачыстага адкрыцця віцебскага культурнага форуму, а 18 ліпеня а 21.05 - праграмы "Душа народа - песня" гала-канцэрта "Саюзная дзяржава запрашае...".