Канцэртны рояль набудуць да 100-годдзя каледжа імя Салерцінскага ў Віцебску
Канцэртны рояль набудуць да 100-годдзя музычнага каледжа імя І.І. Салерцінскага ў Віцебску. Пра гэта паведаміў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў перад канцэртам, прысвечаным 100-годдзю музычнага каледжа.

Паводле яго слоў, пытанне аб выдзяленні сродкаў на набыццё канцэртнага рояля будзе разгледжана ў бліжэйшы час на чарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў. "Да 100-гадовага юбілею, які каледж адзначыць у снежні, інструмент упрыгожыць сабой гэту ўстанову адукацыі, а ігра на ім прынясе сапраўднае задавальненне педагогам і навучэнцам. Гэта будзе годны падарунак да свята", - перакананы Уладзімір Цярэнцьеў.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці таксама адзначыў, што сумесна з абласным упраўленнем адукацыі прапрацоўваецца пытанне аб выдзяленні інтэрната для музычнага каледжа імя І.І. Салерцінскага і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Плануецца, што гэта будзе цалкам гатовы да пражывання аб'ект аднаго са ССНУ горада, які вызваліўся ў выніку праводзімай работы па аптымізацыі сеткі навучальных устаноў. Вырашыць гэтае пытанне плануецца да пачатку новага навучальнага года.
На канцэрце Уладзімір Цярэнцьеў уручыў прэміі пераможцам заключных этапаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных творчых конкурсаў, алімпіяд па вучэбных прадметах прафесійнага майстэрства. Сёлета галоўнай узнагародай сярод навучэнцаў ССНУ рэгіёну адзначаны Арсеній Вітко, Аляксандра Палкіна, Юрый Шаблоўскі і Дзяніс Яскевіч з каледжа імя І.І. Салерцінскага, а таксама Уладзіслаў Вінсковіч і Яўгеній Літвін з Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа.
"У нас пастаянна на слыху хлопцы, якія дасягнулі значных вынікаў на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах і ў буйных спартыўных спаборніцтвах. Аднак вельмі важна адзначаць дасягненні і нашай творчай моладзі", - падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў. Ён адзначыў, што гэтая праца вядзецца сістэмна. З 2013 года Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў уручаюцца прэміі лепшым 16 прадстаўнікам творчай моладзі, якія прадстаўляюць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўстановы, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага профілю ў сферы культуры з вывучэннем прадметаў і дысцыплін на павышаным узроўні. За гэты час імі адзначана ўжо 80 маладых людзей. "Нам ёсць чым ганарыцца. У нас вельмі таленавітая моладзь, якую неабходна падтрымліваць. За апошнія пяць гадоў каля 500 нашых дзяцей, многія неаднаразова, сталі пераможцамі розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў", - дадаў Уладзімір Церанцьеў.
Вольга Багачова, фота Аляксандра Хітрова, БЕЛТА.
На фота: Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў уручае дыплом лаўрэата Арсенію Вітко.