Канцэртная зала Віцебскага музычнага каледжа імя І.І.Салерцінскага прыняла першых слухачоў

Концертный зал витебского музыкального колледжа имени И.И.Соллертинского принял первых слушателей

У Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І.І. Салерцінскага пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрыўся канцэртны зал. Гэта яркая падзея — новая старонка ў гісторыі аднаго са старэйшых навучальных устаноў Беларусі, якое ў 2014 годзе будзе святкаваць 95-гадовы юбілей.

На маштабныя рамонтныя работы, а таксама набыццё 350 канцэртных крэслаў (на такую колькасць гледачоў разлічаны новы зал) Віцебскім аблвыканкамам было выдзелена два мільярды рублёў.

— За восем месяцаў, на працягу якіх праводзіўся капрамонт, у зале памянялі столявыя перакрыцці, сцэну і, галоўнае, выканалі адну з найскладанейшых задач — дамагліся выдатных акустычных параметраў, што з'яўляецца найважнейшай характарыстыкай канцэртнай залы. Больш таго, значныя сродкі былі выдзелены аблвыканкамам і на набыццё кабінетнага раяля і шасці піяніна Yamaha, якія адносяцца да высокага класа інструментаў, а таксама вялікага канцэртнага барабана і ксілафона,— распавёў дырэктар музычнага каледжа імя І.І. Салерцінскага Анатоль Грэцкі.

А вось як гучаць у новым зале жывы голас і музычныя інструменты, упершыню ацанілі слухачы 21 сакавіка падчас вялікага святочнага канцэрта. У ім прымалі ўдзел творчыя калектывы і салісты каледжа, якія з'яўляюцца лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Перад пачаткам канцэртнай праграмы навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа павіншавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларыса Аленская. Яна ў гэтай урачыстай абстаноўцы ўручыла ганаровыя прэміі Віцебскага аблвыканкама маладым таленавітым музыкантам, навучэнцам каледжа Кірылу Ячменеву, Ганне Шаркун і Ігару Мрочку.

Ларыса Аленская шчыра пажадала творчых поспехаў музычнаму каледжы імя І.І. Салерцінскага, выказала надзею, што гэтая навучальная ўстанова заўсёды будзе калыскай для новых зорак класічнага мастацтва.

У новым канцэртным зале каледжа, як адзначыў Анатоль Грэцкі, пройдзе серыя канцэртаў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі, а ў канцы лістапада ВГМК імя І.І.Салерцінскага запросіць на ўрачыстасці з нагоды 95-годдзя навучальнай установы.

Наталля Крупіца, "Віцьбічы"