Канцэрты міжнароднага фестывалю класічнай музыкі ў Віцебску прайшлі з аншлагам
24 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Канцэрты XXI Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага, які завяршаецца сёння ў Віцебску, прайшлі з аншлагам, прычым упершыню на мерапрыемствы прыязджалі прыхільнікі класічнай музыкі з усёй Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў адзін з арганізатараў фестывалю, галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Станіслаў Генеральніцкі.
Канцэрты наведалі каля 3 тыс. чалавек (з улікам прададзеных білетаў на вячэрні канцэрт-закрыццё 24 снежня), а гэта амаль кожны дзясяты жыхар абласнога цэнтра. "Такі вынік мы расцэньваем як больш чым паспяховы з улікам таго, што класічная музыка адносіцца да асаблівай часткі культуры", - адзначыў Станіслаў Генеральніцкі. Па яго назіраннях, фестываль становіцца папулярным сярод віцебскіх гледачоў, на яго стала прэстыжна хадзіць. Канцэрты адпавядаюць еўрапейскаму ўзроўню, што вызначаецца не толькі майстэрствам выканаўцаў, але і эмацыянальным накалам, творчым уздымам, з якім музыканты выконваюць сваю праграму. Акрамя таго, у перспектыве віцебскі форум класічнай музыкі можа стаць адным з цэнтраў прыцягнення замежных прыхільнікаў класікі і своеасаблівым лакаматывам развіцця турыстычнага патэнцыялу абласнога цэнтра.
Фінальным акордам фестывалю прагучыць канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Аляксандра Анісімава. Праслаўлены калектыў прывёз у Віцебск праграму сумесна з лаўрэатам міжнародных конкурсаў выхаванцам беларускай выканальніцкай школы Юрыем Блінавым (фартэпіяна), які спецыяльна прыляцеў са ЗША, і салісткай Дзяржаўнага музычнага тэатра Растова-на-Доне, адной з лепшых оперных сапрана Ірынай Крыкуновай.
Сёлета ў сямі фестывальных канцэртах прынялі ўдзел выканаўцы экстра-класа з Расіі, Фінляндыі, Швецыі, Галандыі і Беларусі. Афіша была багатая як на імёны выканаўцаў сусветнага ўзроўню, якія ўпершыню выступілі ў Віцебску, так і на творы класікаў. Дастаткова сказаць, што адкрываў фестываль адзін з самых запатрабаваных на сусветнай сцэне расійскіх піяністаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Мікалай Луганскі. Для фестывалю гэта стала вялікай удачай, бо перамовы з гэтым выканаўцам доўжыліся тры гады, адзначыў Станіслаў Генеральніцкі. Калі ўдасца трапіць у графік яго канцэртнай дзейнасці, то музыканта будуць чакаць у Віцебску і ў будучым годзе.
Упершыню сёлета арганізатарам удалося запрасіць адзін з лепшых у свеце струнных квартэтаў "Санкт-Пецярбург", які апошнія 15 гадоў працуе ў ЗША. "Класічны склад квартэта яшчэ ні разу не прымаў удзелу ў фестывалі, і, я думаю, найвышэйшае выканальніцкае майстэрства расійскіх артыстаў надоўга застанецца ў памяці слухачоў", - сказаў суразмоўца. Акрамя таго, гледачы пачулі выступленні вядомага фінскага піяніста Юхані Лагерспетца, масцітага шведскага арганіста Ханса Фагіуса, які, дарэчы, скарыў публіку не толькі бліскучым валоданнем інструментам, але і артыстызмам.
"У цэлым фестываль атрымаўся разнастайным - ад сур'ёзных і глыбокіх канцэртаў, якія патрабуюць напружанай душэўнай працы, да канцэртаў радасных, дзе гучала музыка для адпачынку, як напрыклад творы Дж. Гершвіна", - адзначыў Станіслаў Генеральніцкі. З многімі выканаўцамі ўдалося папярэдне дамовіцца аб магчымасці іх удзелу ў віцебскім музычным форуме 2010 года, дадаў ён.
Форум класічнай музыкі ў Віцебску з'яўляецца адзіным у Беларусі камерна-музычным фестывалем, які сінтэзуе розныя віды мастацтва. Асноўнай задачай з'яўляецца прапаганда сучаснага мастацтва і традыцый класічнай музычнай спадчыны, адраджэнне вялікіх культурных традыцый Віцебска, адкрыццё новых і адраджэнне забытых імёнаў.
Арганізатары Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага - Віцебскі аблвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія".-0-