Копіі карцін прапануе намаляваць сваім наведвальнікам Мастацкая галерэя ў Полацку
Любы ахвотны можа напісаць копію
карціны, якая спадабалася, са сталай экспазіцыі. Працаваць у залах галерэі з
асабістым кансультантам-мастацтвазнаўцам прапануецца на працягу гадзіны. Важна не
проста перамаляваць твор, а перадаць яго энергетыку і ўнутраны сэнс,
паспрабаваць зразумець задум мастака.
– У нас сабрана калекцыя,
якая распавядае пра развіццё выяўленчага мастацтва Беларусі пачынаючы з ХI стагоддзя. Кожны
удзельнік праекта можа знайсці тое, што яму па душы, – адзначыла загадчыца
галерэі Ларыса Лысенка.
Сваёй ініцыятывай музейшчыкі хочуць размаіціць формы працы і прыцягнуць у галерэю больш наведвальнікаў, а таксама раскрыць мастацкі патэнцыял жыхароў рэгіёна, даць ім магчымасць заявіць пра сябе.
Праект працягнецца да 30 снежня, а з лепшых «Шэдэўраў за гадзіну» будзе сфарміравана першая выстава 2017 года.
Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці".