«Каралеву Вясну-2015» выбралі ў Віцебску
Выдатныя студэнткі з чатырох ВНУ абласнога цэнтра змагаліся за званне самай-самай на рэгіянальным конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна-2015», які прайшоў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Сярод дзяўчат былі пераможцы ўнутрывузаўскіх конкурсаў, ужо дасведчаныя мадэлі і тытулаваныя прыгажуні. Натхнёныя канцэпцыяй мерапрыемства – «Пігмаліён Next», – арганізатары хацелі паказаць ператварэнне звычайнай кветачніцы ў гераіню светскага балю, як у творы Бернарда Шоу. У вобразе кветачніц удзельніцы ўпершыню і паўсталі перад гледачамі і журы падчас дэфіле. Кожны выхад – змена вобраза і новыя ўборы з калекцыі адзення ад вядомага беларускага дызайнера Ірыны Юрчанкі. У яркае шоу ператварылася і дэфіле ў купальніках. На спінах дзяўчат былі замацаваны велізарныя белыя крылы, і яны былі падобныя на анёлаў. Нямала давялося пахвалявацца канкурсанткам і пры праверцы на эрудыцыю і гнуткасць розуму. Вядучыя задавалі хітрыя пытанні, напрыклад, «З якой геаметрычнай фігурай вы сябе асацыюеце?», «Што значыць правільна харчавацца?», «Чаму прыгажосць – страшная сіла?» і гэтак далей. Кожная прэтэндэнтка на карону не толькі дэфілявала, але і дэманстравала свае творчыя здольнасці – танцавала ці выконвала песню.
Заключным турам стаў нумар «Чырлідынг» (танец разыгрываючых): спонсары выбралі самую спартыўную ўдзельніцу, якой уручылі спецыяльны прыз школы танцаў. Ею стала Вікторыя Шчацініна.
Узнагароджваючы пераможцаў конкурсу, адзін з яго нязменных каардынатараў, прарэктар ВГТУ Барыс Рыклін, адзначыў, што на сцэну выйшлі вельмі моцныя і годныя ўдзельніцы, а само мерапрыемства ператварылася ў відовішчнае шоў, журы з вялікай цяжкасцю вызначылася з выбарам.
Другой віцэ-міс стала Анастасія Валынец, першай — Крысціна Бальчэўская. Карону «Каралевы Вясны» атрымала студэнтка чацвёртага курса канструктарска-тэхналагічнага факультэта ВГТУ Святлана Гарбачова. Неўзабаве яна прадставіць Віцебшчыну на рэспубліканскім конкурсе ў сталіцы. Таксама былі выбраны «Міс Фота», «Міс Ачараванне», «Міс Грацыя» і «Міс Артызм». Самі дзяўчаты вызначылі «Міс Дружба» – гэта Анастасія Кірылава.
Адразу пасля ўзнагароджання Святлана Гарбачова распавяла, што ўжо не першы раз выходзіць на подыум. Яна была ў ліку пераможцаў «Міс «Дажынкі», «Міс Віцебск», «Міс Універсітэт». «Каралева Вясна-2015» прызналася, што марыць перамагчы ў Мінску і трапіць на міжнародны этап конкурсу.
— Не саромцеся сваіх талентаў, працуйце над сабой, і ўсё атрымаецца, — пажадала ўсім дзяўчатам Святлана Гарбачова. — Не сумнявайцеся ў сабе. У кожнай з нас ёсць родзінка».
Аляксандр Кутынко, "Віцебскія весці"