Карэкціроўкі ў генплан Полацка дазволяць вызваліць больш за 100 га для стварэння турыстычнай інфраструктуры
26 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Карэктывы ў генеральны план Полацка дазволяць вызваліць больш за 100 га для стварэння турыстычнай інфраструктуры ў цэнтральнай частцы горада. Пастановай Саўміна ад 15 красавіка 2011 года №502 унесены змяненні ў генплан Полацка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны архітэктар горада Андрэй Баравік.
Па-новаму будуць выглядаць 11 участкаў, размешчаных у жылых, вытворчых зонах і цэнтральнай частцы Полацка. Так, у цэнтры прадугледжваецца вызваліць участкі старой прыватнай забудовы для будаўніцтва гасцініцы і кафэ ў раёне Чырвонага моста. Шматфункцыянальны турыстычны комплекс з'явіцца ў раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Змяненні ў генплан дазволяць праектаваць і пабудаваць пешаходны мост праз Заходнюю Дзвіну і злучыць раён Задзвіння з цэнтральнай часткай горада. Гэтае месца было выбрана самімі гараджанамі ў ходзе грамадскага абмеркавання.
Абноўлены генплан дасць магчымасць ператварыць цяперашнюю прамзону з вытворчымі аб'ектамі ў цэнтральнай частцы горада ў грамадскую. Тут прадугледжваецца ўзвесці новы аўтавакзал, сельскагаспадарчы рынак. У гэтым месцы будзе знаходзіцца канечны пункт і кальцо трамвая, які злучыць Полацк і Наваполацк. Дзякуючы змяненням генплана стане магчымым скарэкціраваць будаўніцтва спартыўных устаноў, аб'ектаў жылой забудовы.
Па словах Андрэя Баравіка, змяненні ў генплан увязаны з рэалізацыяй Комплекснай праграмы развіцця Полацка на перыяд да 2012 года і зробяць Полацк зручным для яго жыхароў, створаць умовы для развіцця турыстычнай інфраструктуры і прыцягнення інвестараў. Вынас вытворчых аб'ектаў за межы горада палепшыць экалагічную абстаноўку. -0-