Касары з Віцебшчыны ўзялі «золата» на чэмпіянаце свету па сенакашэнні
Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі касцы з вёскі Жылінскія на Пастаўшчыне, а таксама каманды Спораўскага біялагічнага заказніка і Беразінскага біясфернага запаведніка. Жылінскія занялі першае месца сярод фермераў, спораўскія касцы – сярод работнікаў нацыянальных паркаў, а беразінскія спартсмены ў гэтай жа катэгорыі ўзялі «бронзу».
Сур'ёзнымі супернікамі для беларусаў былі палякі. Па словах кіраўніка жылінскай каманды Пятра Караля, балоты Бебжанскага нацыянальнага парку складаныя для касьбы. Асока, хмызнякі і асабліва высокая вільготнасць ускладняюць умовы спаборніцтваў. Суддзі звярталі ўвагу на кожную дробязь, але ў нашых землякоў не было да чаго прычапіцца.
Валерый Каліцкі – па духу заўзяты турыст, а па пасадзе – намеснік дырэктара будаўнічай фірмы, – косіць з дзяцінства. Ён заўсёды сярод першых на штогадовых спаборніцтвах «Жылінскія сенакосы», не раз заваёўваў «золата» на рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатах. Іосіф Галяк працуе ў сістэме ЖКГ, да каманды жылінскіх сенакосаў далучыўся ў 2016-м. Вырашыў паспрабаваць сябе на мясцовых пастаўскіх спаборніцтвах і перамог.
– Наш чэмпіён Іосіф Галяк у Бебжанах упершыню за 26 гадоў сустрэўся з братам, які жыве ў Польшчы. Гэта надало яму сілы, свае 60 метраў не прайшоў – прабег за 1 хвіліну 23 секунды, – з гонарам паведаміў Пётр Кароль.
Тамара ПАШКЕВІЧ, фота аўтара. «Віцебскія весці».