Касьцёл Антонія Падуанскага ў Паставах упершыню стане цэнтрам велікоднага туру

11 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Паставах сёння напярэдадні Вялікадня па Грыгарыянскім календары ўпершыню стане цэнтрам велікоднага тура, які арганізуе Пастаўскі цэнтр турыстычных паслуг. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА расказаў яго дырэктар Ягор Шушкевіч. Турысты змогуць прыняць удзел у святочным богаслужэнні, па каталіцкай традыцыі асвяціць фарбаваныя яйкі, велікодныя пірагі, соль і ваду. Акрамя таго, усе жадаючыя змогуць убачыць каштоўны збор абрадавых прадметаў, сярод якіх - дароносца, вырабленая ў 1663 годзе, і літургічнае адзенне святара з залатым шыццём, датаванае 1860 годам. Пастаўшчына ўпершыню будзе знаёміць сваіх гасцей з велікоднымі традыцыямі беларускага Паазер'я. Перш за ўсё турыстам прапануюць наведаць унікальныя культавыя помнікі архітэктуры. Напрыклад, Траецкі касцёл у вёсцы Дунілавічы - адзіны ў Беларусі, які мае двух'ярусны ступеньчаты алтар. Тут знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Лаарэтанскай. У вёсцы Манькавічы стаіць эклектычная Свята-Успенская царква, пабудаваная ў 1855 годзе. Знаёмствам з архітэктурнымі помнікамі тур не абмяжуецца, бо Вялікдзень - радаснае і доўгачаканае свята, якое ўпрыгожана векавымі народнымі абрадамі і павер'ямі. Катанне яек і біткі, велічальныя песні і этнадыскатэку падрыхтавалі для гасцей арганізатары. Зразумела, не абыдзецца і без традыцыйнага для Вялікадня пачастунку - яек і велікодных пірагоў. Велікодныя пірагі спякуць майстрыхі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду "Традыцыя", а вось яйкі для пачастунку турыстаў будуць не толькі курыныя, але і страўсіныя. Як адзначыў Ягор Шушкевіч, пры распрацоўцы тура ўлічваліся рэлігійныя традыцыі каталікоў і праваслаўных. У Вялікую Суботу па Грыгарыянскім (11 красавіка) і Юліянскім (18 красавіка) календарах гасцей чакае поснае меню і наведванне касцёла ці царквы. Ну а ў свята Нябеснага Уваскрасення - 12, 19 красавіка, а таксама 25, 26 красавіка турысты пазнаёмяцца з усімі велікоднымі традыцыямі Пастаўшчыны.-0-