Каўчэг з мошчамі свяціцеля Лукі прыбудзе ў Полацк 28 кастрычніка

Каўчэг з мошчамі свяціцеля Лукі (Вайно-Ясенецкага) будзе знаходзіцца ў Полацку з 28 кастрычніка па 4 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў Полацкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Полацк стаў адным з нямногіх гарадоў Беларусі, удастоеных гонару прымаць восенню 2014 года святыя мошчы архіепіскапа Лукі. Каўчэг са святыняй упершыню прыбудзе ў старажытны горад у рамках міжнароднага праекта "Дні свяціцеля Лукі". Мошчы святога ўжо пабывалі ў Брэсце, Гродне і Мінску.

Святыня будзе выстаўлена для шанавання вернікамі ў храме Богаяўлення Полацкай епархіі ( вул. Ніжне-Пакроўская, 24). Памаліцца мошчам можна будзе штодня з 8.00 да 21.00.

Архіепіскап Лука - урач-хірург і вучоны з сусветным імем. Будучы прафесарам медыцыны, ён праводзіў каля 1 тыс. аперацый у год і пры гэтым не пакідаў штодзённай малітвы і здзяйсняў набажэнствы па нядзельных і святочных днях. За сваё жыццё (1877-1961) выратаваў велізарную колькасць безнадзейных хворых. Атрымаў дыплом з адзнакай, але кар'еры вучонага аддаў перавагу пасадзе "мужыцкага лекара" - земскага ўрача. Часам, не маючы пад рукой інструментаў, выкарыстоўваў кішэнны нож, гусінае пяро, слесарныя шчыпцы, а замест нітак - жаночы валасок. На многіх іконах, асабліва грэчаскіх, свяціцель Лука выяўлены з хірургічнымі інструментамі ў руках. Ён выступіў аўтарам мноства навуковых прац і 12 тамоў пропаведзяў.

У 1996 годзе архіепіскап Лука прылічаны да ліку святых. Рака з мошчамі свяціцеля захоўваецца ў Свята-Троіцкім жаночым манастыры ў Сімферопалі.

У Полацку ёсць капліца, якая носіць імя свяціцеля Лукі, архіепіскапа Крымскага. Збудаванне знаходзіцца на тэрыторыі Полацкай гарадской бальніцы №1.

Алена Ціханава