Чырвоныя, сінія і серабрыстыя тоны будуць дамінаваць у кветкавым афармленні Віцебска гэтым летам
Чырвоныя, сінія і серабрыстыя тоны будуць дамінаваць у кветкавым афармленні Віцебска гэтым летам, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік вытворчасці па добраўпарадкаванні дзяржаўнага прадпрыемства "Зелянхоз" Зоя Таранова.
"У гэтым годзе канцэпцыя кветкавага афармлення абласнога цэнтра зменіцца. Усе, нават маленькія кветнікі будуць з малюнкамі. Кожную вуліцу плануем аформіць у індывідуальным стылі і сваёй каляровай гаме. У цэлым перавага аддадзена чырвонай, сіняй і серабрыстай каляровай гаме. А вось жоўты колер будзе сустракацца на віцебскіх кветніках радзей", - адзначыла Зоя Таранова.
Цяпер спецыялісты малююць эскізы будучых кветнікаў, вядзецца пікіроўка расады кветкавых раслін. У красавіку-маі на вуліцах Віцебска будзе высаджана каля 1,5 млн аднагадовых кветкавых раслін і 200 тыс. шматгадовых (розныя гатункі прымулы і хосты), якія будуць радаваць гараджан і гасцей абласной сталіцы да глыбокай восені.
Зоя Таранова падкрэсліла, што вялікі аб'ём работ па азеляненні і добраўпарадкаванні быў выкананы ў Віцебску восенню. "Высадзілі шмат цыбульных, у тым ліку цюльпанаў. І ўжо 9 Мая наш горад апранецца ў яркі строй. Па-асабліваму святочнай будзе плошча Перамогі, новымі фарбамі загучаць кветнікі ў скверы каля плошчы Леніна", - сказала начальнік вытворчасці.
Яна таксама адзначыла, што гэтай вясной у Віцебску плануецца пасадзіць каля 1, 2 тыс. дрэў і 3, 5 тыс. кустарнікаў. "Вядзём абследаванне тэрыторый, у горадзе шмат старых і хворых дрэў. У скверах, паркавых і зонах адпачынку плануем высадзіць ліпы, клёны, дубы і рабіны, а таксама кусты барбарысу і бэзу", - сказала Зоя Таранова. Паводле яе слоў, шмат лісцяных дрэў вясной плануецца высадзіць і ў палюбіўшайся гараджанам зоне адпачынку ўздоўж Заходняй Дзвіны (парк Пераможцаў), што зробіць гэтае месца больш утульным і прыемным для адпачынку.
Алена Ціханава