Чырвоны дзень календара
7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзяржаўнае свята і ў календары суверэннай Рэспублікі Беларусь. Што азначае ён для вас? – з такім пытаннем мы звярнуліся да людзей рознага ўзросту і прафесій.
Міхаіл Волкаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Віцебск:
– Для мяне 7 лістапада, як заўсёды, – чырвоны дзень календара. У нашай сям'і шанавалі яго як свята сацыялізму, веры ў будучыню. Я сын удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Маці скончыла яе капітанам медыцынскай службы. Бацька ваяваў на Заходняй Украіне ў атрадзе асаблівага прызначэння пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Мядзведзева, быў суайчыннікам разведчыка Мікалая Кузняцова, Героя Савецкага Саюза, вядомага па кнігах «Моцныя духам», «Подзвіг разведчыка». Бацькі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Бацька з маці мяне прывучылі ставіцца да 7 лістапада з пашанай.
Леанід Мацкевіч, намеснік старшыні Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў:
– 7 лістапада для нашых людзей – сімвал свабоды, роўнасці, справядлівасці. Таму столькі гадоў і адзначалі гэты дзень. Сёння таксама не варта забываць усё добрае, што з ім звязана. Дзякуючы пераменам, што адбыліся ў 1917-м, мы атрымалі адукацыю, працу і росквіт нашай радзімы – перш СССР, а цяпер Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Чэкавы, галоўны ўрач Пастаўскай раённай бальніцы:
– У лістападзе ў бальніцы праводзім лекарскую канферэнцыю на тэму «Гісторыя аховы здароўя Пастаўскага раёна: традыцыі і сучаснасць». Гэта добрая магчымасць аддаць належнае папярэднікам у прафесіі, расказаць моладзі пра ветэранаў, бо сённяшняя наша праца грунтуецца на лепшых дасягненнях савецкай медыцыны. У гонар калег, якія адпрацавалі ў бальніцы, усталяваны памятны знак ад удзячных пераемнікаў.
Марына Кашкур, першы сакратар Міёрскага райкама БРСМ:
– Я расла ў вёсцы, а там і ў будні, і ў святы шмат працы. Калі вучылася ў Полацкім педкаледжы, цешылася, што 7 лістапада – яшчэ адзін выхадны. Члены БРСМ нашага раёна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, прымеркаваных да гэтага дня. Люблю спяваць, летась 7 лістапада выступала на канцэрце самадзейнасці. Сёлета на 6 лістапада запланаваны раённы злёт прызыўнікоў. У праграме – і маё выступленне.
Надзея Анішчанка, народны настаўнік СССР, пенсіянерка, Дуброўна:
– У мяне пра гэтае свята захаваліся самыя добрыя ўспаміны. Яно адчувалася і на працы, і дома, аб’ядноўвала людзей. Збіраліся, размаўлялі, весяліліся. З часам усё сышло на нішто. Цяпер я ўваходжу ў савет раённай ветэранскай арганізацыі. На 7 лістапада мы ўскладаем вянкі да помніка Леніну ў цэнтры Дуброўна. І ў будні там ляжаць кветкі.
Барыс Беляжэнка, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Віцебск:
– Я памятаю, як праходзіла 7 лістапада ў розныя перыяды, пачынаючы са сталінскага. Гэта было сапраўднае свята, да яго рыхтаваліся, упэўненыя, што так будзе заўсёды. Кастрычніцкая рэвалюцыя – паваротны пункт у гісторыі нашай краіны і ўсяго чалавецтва. Лічу, што ставіцца да яго трэба аб’ектыўна, з улікам і несумненных дасягненняў, і перакосаў, якімі была багата тая эпоха. Што тычыцца святкавання – напэўна, ёсць людзі і сёння, і не толькі ў Беларусі, якія адзначаюць гэты дзень у сямейным коле.