Чырвоны Крыж збірае адзенне і прадукты для дапамогі ўкраінскім мігрантам
Жыхары Віцебшчыны актыўна цікавяцца, якім чынам можна аказаць пасільную дапамогу вымушаным мігрантам з Усходняй Украіны. Неаднаразова на адрас рэдакцыі паступалі званкі з пытаннямі і прапановамі.
Як нам паведамілі ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, за летні перыяд толькі ў віцебскі офіс да іх звярнуліся больш за 100 украінскіх імігрантаў. Акрамя самага неабходнага — інфармацыі — яны атрымалі па два гуманітарныя наборы (прадуктовы і гігіенічны), якіх хопіць на першы час. Бо большасць людзей прыязджаюць, захапіўшы з дому толькі самае неабходнае.
Сярод тых, хто звярнуўся, пераважаюць жанчыны з дзецьмі, былі нават 4 цяжарныя. У сувязі з гэтым напярэдадні пачатку навучальнага года абласная арганізацыя БТЧК арганізавала серыю акцый па зборы канцтавараў і сродкаў для падрыхтоўкі дзяцей з Украіны да школы.
У далейшым плануецца праводзіць аналагічныя акцыі для забеспячэння мігрантаў цёплымі рэчамі да зімы. Уласна, збор адзення, прадуктаў і сродкаў гігіены ад насельніцтва ідзе ўжо цяпер ва ўсіх падраздзяленнях Чырвонага Крыжа. Асабліва запатрабаваны абутак і мужчынскае адзенне, якіх заўсёды прыносяць менш.
Акрамя таго, БТЧК адкрыў дабрачынны рахунак: 3015740099012 ЦБУ №539 ААТ «Белінвестбанк», БІК (МФА)153001739, код 739. УНП 100265026. Атрымальнік — «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа» з абавязковай паметкай «Дапамога Украіне».
Таксама можна адправіць SMS на кароткі нумар 553 у наступным выглядзе: 501 прабел сума ахвяравання.
На сабраныя грошы БТЧК плануе забяспечваць патрэбных украінскіх мігрантаў прадуктовымі і гігіенічнымі наборамі, сезонным адзеннем, медыкаментамі.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"