Крэдытнае пагадненне на будаўніцтва Полацкай ГЭС будзе падпісана ў ліпені

27 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Будаўніцтва Полацкай ГЭС пачнецца сёлета. Крэдытнае пагадненне паміж Віцебскім рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам электраэнергетыкі "Віцебскэнерга" і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця будзе падпісана ў ліпені. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама генеральны дырэктар "Віцебскэнерга" Павел Харытонаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Архітэктурны праект станцыі ўзгоднены, будаўнічы - знаходзіцца на стадыі ўзгаднення. Як паведамлялася раней, "Віцебскэнерга" заключыла кантракт на будаўніцтва Полацкай ГЭС з расійскім ААТ "Знешнеэканамічнае аб'яднанне "Тэхнапрамэкспарт" ("ВА "Тэхнапрамэкспарт"), якое перамагло ў конкурсе, абвешчаным "Віцебскэнерга". У адпаведнасці з умовамі кантракта гідравузел Полацкай ГЭС магутнасцю 22 МВт будзе пабудаваны на рацэ Заходняя Дзвіна да 2014 года. Кошт работ па кантракце складзе каля $100 млн. Пастаўшчыком гідраагрэгатаў для Полацкай ГЭС, па прынятым прапанове "Тэхнапрамэкспарта", выступіць чэшская кампанія Mavel. На гідравузле будзе ўстаноўлена праточная турбіна тыпу PIT Каплан. Канструкцыя гэтай турбіны, па інфармацыі вытворцаў, павінна выключаць пранікненне алею ў рачную ваду. Будаўніцтва Полацкай ГЭС з'яўляецца першым этапам стварэння каскаду з чатырох гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне. У яго павінны ўвайсці таксама Віцебская, Бешанковіцкая і Верхнядзвінская ГЭС. Сумарная ўстаноўленая магутнасць чатырох гідраэлектрастанцый складзе 125-130 МВт.-0-