Крэдытнае пагадненне аб фінансаванні будаўніцтва Віцебскай ГЭС плануецца падпісаць у верасні

8 жніўня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. РУП "Віцебскэнерга" плануе ў верасні бягучага года падпісаць з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая крэдытнае пагадненне па фінансаванні інвестпраекта будаўніцтва Віцебскай ГЭС, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Павел Харытонаў.

Дамоўленасць па ўмовах фінансавання праекта была дасягнута падчас перамоваў беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі кітайскага банка, якія адбыліся ў канцы ліпеня, і запарафіравана адпаведным пратаколам паміж банкам і прадпрыемствам. Кіраўнік "Віцебскэнерга" падкрэсліў, што ўмовы крэдытавання будуць дастаткова выгаднымі як для беларускага, так і для кітайскага боку.

Віцебскую гідраэлектрастанцыю магутнасцю 40 МВт плануецца ўвесці ў строй на рацэ Заходняя Дзвіна ў 2015 годзе. ГЭС дазволіць замяшчаць каля 42 тыс. т у.ц. у год.

У снежні 2010 года заключаны кантракт з Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні. Згодна з дакументам кітайскі бок павінен забяспечыць праектаванне, будаўніцтва, пастаўку абсталявання і яго мантаж, пусканаладачныя і рэжымна-наладачныя работы. Акрамя таго, у абавязкі карпарацыі ўваходзяць выпрабаванні, здача аб'екта ў эксплуатацыю, яго тэхнічнае абслугоўванне ў гарантыйны перыяд і навучанне персаналу.

Таксама РУП "Віцебскэнерга" працуе над рэалізацыяй інвестпраекта па будаўніцтве яшчэ адной гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне. Полацкую ГЭС магутнасцю 21,6 МВт плануецца запусціць у 2015 годзе. Штогадовая вытворчасць станцыяй электраэнергіі складзе 112 млн. кВт.г. ГЭС дазволіць замяшчаць 28 тыс. т у.ц. у год.

Узвядзенне Полацкай ГЭС прадугледжана дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі. Згодна з дакументам на праект накіруюць Br450,3 млрд. Фінансаванне работ будзе ажыццяўляцца Еўразійскім банкам развіцця праз прадастаўленне крэдыту "Віцебскэнерга" пад гарантыі ўрада Беларусі.

Па выніках праведзенай працэдуры закупкі асноўнага абсталявання быў заключаны кантракт на комплекснае будаўніцтва гідравузла Полацкай ГЭС паміж РУП "Віцебскэнерго" і ААТ "ВО "Тэхнапрамэкспарт" (Расія). У абавязкі "Тэхнапрамэкспарта" ўваходзяць праектаванне, будаўнічыя работы, пастаўка і мантаж абсталявання, пусканаладачныя работы і ўвод гідравузла ў эксплуатацыю. У пачатку бягучага года "Тэхнапрамэкспарт" заключыў кантракт з кампаніяй Mavel a.s. (Чэхія) на пастаўку асноўнага энергетычнага абсталявання для Полацкай ГЭС. У цяперашні час ідзе працэс вырабу гідратэхнічнага абсталявання. На аб'екце вядуцца работы ў адпаведнасці з графікам будаўніцтва Полацкай ГЭС.

Найбольшы патэнцыял гідраэнергетыкі Беларусі засяроджаны ў Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе размяшчаюцца басейны рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Дняпро. У планах - будаўніцтва дзвюх ГЭС на рацэ Нёман сумарнай магутнасцю 37 МВт, чатырох - на Заходняй Дзвіне (112 МВт) і чатырох - на Дняпры (20,3 МВт). Пасля ўводу іх у эксплуатацыю ўстаноўленая магутнасць гідраэлектрастанцый, якія знаходзяцца на балансе ДВА "Белэнерга", складзе каля 180 МВт.

Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне электраэнергетыкі "Белэнерга" створана ў 2006 годзе ў парадку рэарганізацыі Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна для кіравання гаспадарчай дзейнасцю электраэнергетычнага комплексу Беларусі. У склад "Белэнерга" ўваходзяць у тым ліку рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Брэстэнерго", "Віцебскэнерго", "Гомельэнерго", "Гроднаэнерго", "Мінскэнерго", "Магілёўэнерго".

Кампанія "Тэхнапрамэкспарт", створаная ў 1955 годзе, займаецца будаўніцтвам энергетычных аб'ектаў, уключаючы гідраўлічныя, цеплавыя, геатэрмальныя, дызельныя электрастанцыі, лініі электраперадач і падстанцыі. Сумарная ўстаноўленая магутнасць энергааб'ектаў кампаніі перавышае 85 млн.кВт.-0-