Хрэсны ход да 100-годдзя перанясення мошчаў Еўфрасіні Полацкай пройдзе ў Віцебскай вобласці

31 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Блізу сотні пілігрымаў з віцебскіх прыходаў паўтораць той самы шлях, якім роўна сто гадоў таму мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай вярталіся на радзіму. Хрэсны ход, прымеркаваны да 100-годдзя перанясення святыні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, пачнецца раннім ранкам 1 чэрвеня, расказаў карэспандэнту БЕЛТА протаіерэй Аляксандр (Рахунок). Маршрут складзены такім чынам, каб прайсці праз усе населеныя пункты, якія ў маі (па старым стылі) 1910 года з пашанаю сустракалі мошчы святой заступніцы. Напрыклад, у вёсцы Лоўша да нашых дзён захаваўся храм, у якім сто гадоў таму ў гонар знамянальнай падзеі была адслужана Боская літургія. Такі ж малебен адслужаць і ўдзельнікі Хрэснага ходу. Як чакаецца, 4 чэрвеня вандроўцы прыбудуць у Полацк, каб далучыцца да сотняў паломнікаў з іншых куткоў Беларусі, якія прыбылі ў старажытны горад, каб узяць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды векавога юбілею і пакланіцца мошчам Ефрасінні Полацкай у дзень яе памяці - 5 чэрвеня (23 мая па старым стылі). Ефрасіння Полацкая - дачка полацкага князя, інакіня і асветніца, заснавальніца полацкіх манастыроў. У канцы жыцця яна здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла ў 1173 годзе. Яе цела было дастаўлена ў Кіева-Пячэрскую лаўру, і на працягу 700 гадоў лаўра захоўвала мошчы святой. Першае хадайніцтва ад святароў з просьбай перанесці мошчы з Кіева на радзіму Ефрасінні ў Полацк датавана 30-мі гадамі XIX стагоддзя, аднак толькі ў пачатку XX стагоддзя было атрымана дазвол цара на перанясенне мошчаў. Чын перанясення пачаўся 19 красавіка 1910 года ў Кіеве і завяршыўся амаль праз месяц - 23 мая ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Святыя мошчы перапраўлялі спачатку на параходзе ўверх па Дняпры да Оршы, а з Оршы пешым шляхам праз Віцебск у Полацк.-0-