Хрэсны ход па прыгранічных тэрыторыях Беларусі з Крыжом Еўфрасінні Полацкай пачынаецца 14 чэрвеня
14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хрэсны ход па прыгранічных тэрыторыях Беларусі з Крыжам прападобнай Ефрасінні Полацкай пачнецца 14 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі.
Акцыя прымеркавана да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і 25-годдзя ўсталявання Сабора беларускіх святых.
Пачнецца хрэсны ход у Полацку з цырымоніі ўручэння вартавым рубяжоў Полацкага пагранатрада харугвы з выявай Архістратыга Міхаіла, нябеснага заступніка органаў пагранічнай службы, і пройдзе ўздоўж прыгранічных тэрыторый.
У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі воінскіх часцей Полацкага гарнізона, кіраўніцтва Полацка і Наваполацка, а таксама духавенства Полацкай епархіі. На шляху руху Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай адбудуцца малебны, у якіх разам з праваслаўнымі вернікамі возьмуць удзел і вайскоўцы пагранічных атрадаў.
3 ліпеня Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай вернецца ў Крыжаўзвіжанскі сабор на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.
Залаты крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай лічыцца не толькі найвялікшай хрысціянскай рэліквіяй, але і неперасягненым узорам старажытнарускага эмальернага мастацтва. Крыж зроблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Для яго стварэння з Візантыі былі дастаўлены святыя рэліквіі - часціцы мошчаў грэчаскіх святых. Золата і срэбра, жэмчуг і каштоўныя камяні адшукаліся ў манастырскіх і княжацкіх куфрах.
У 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Крыж бясследна знік. Усе далейшыя намаганні яго адшукаць не далі выніку. Толькі ў 1992 годзе падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі было вырашана аднавіць святыню. Страчаная, здавалася, назаўжды тэхніка перагародкавай эмалі была адноўлена брэсцкім ювелірам-эмальерам, членам Саюза мастакоў Беларусі Мікалаем Кузьмічом.-0-