Круглы стол і падпісанне пагаднення: у Полацку праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню медыцынскай сястры
Праграма насычаная. У яе невыпадкова ўключана наведванне Музея-кватэры Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобывай-Марчанкі. У 1965 годзе наша праслаўленая зямлячка атрымала медаль Флорэнс Найтынгел — вышэйшую ўзнагароду, якую прысуджае медсёстрам Міжнародны Чырвоны Крыж за выключнае мужнасць і самаадданасць, праяўленыя ў мірны ці ваенны час.
У ходзе круглага стала, арганізаванага на базе Полацкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа ім. Героя Савецкага Саюза З. Тусналобывай-Марчанкі, удзельнікі абмяняліся досведам работы па аказанні дапамогі розным групам насельніцтва, расказалі пра цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, успомнілі гісторыю стварэння супольнасці сясцёр міласэрнасці на Віцебшчыне.
- Сённяшні круглы стол - гэта яшчэ адна магчымасць аддаць даніну павагі тым, хто змагаўся за наша з вамі светлае будучае і мірнае неба, коваў і дапамагаў коваць Перамогу: генералам і саллдатам, партызанам, работнікам тылу і, вядома, урачам і медыцынскім сёстрам, - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. - Многія з іх удастоены баявых узнагарод, у тым ліку звання Героя Савецкага Саюза, 46 медсясцёр атрымалі спецыяльную ўзнагароду Міжнароднага Чырвонага Крыжа - медаль Флорэнс Найтынгел.
Работа медыцынскіх сясцёр і ў мірны час - гэта таксама подзвіг, толькі працоўны, падкрэсліў Вячаслаў Дурноў. Бо ў выніку людзі пазбаўляюцца ад пакутаў, да многіх вяртаюцца бадзёрасць і добрае самаадчуванне.
Важнай вехай у развіцці службы «Дапамога» абяцае стаць пагадненне паміж абласной арганізацыяй БТЧК і Полацкай епархіяй, падпісанне якога адбылося ў рамках круглага стала.
- Гэта вельмі знакавая падзея, - сказаў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. - У нас ёсць чым дапамагчы адзін аднаму.
Ён растлумачыў, што Чырвоны Крыж займаецца падрыхтоўкай на бязвыплатнай аснове спецыялістаў, здольных аказваць першую дапамогу, ажыццяўляць догляд за цяжкімі хворымі.
- Мы гатовы навучаць гэтаму сясцёр міласэрнасці праваслаўнай царквы, - дадаў Дзмітрый Шаўцоў.