Круглы стол "На шляхах нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння" праходзіць у Віцебску
Рэспубліканскі круглы стол да 100-годдзя стварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі "На шляхах нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння" праходзіць сёння ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Анатоль Дулаў.
Падчас мерапрыемства спецыялісты з Віцебска і Мінска абмяркуюць перадумовы і прычыны абвяшчэння БССР, ролю бальшавікоў-беларусаў у стварэнні беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове і працэс стварэння ЛітБел і БССР. Удзельнікі круглага стала закрануць таксама тэму гістарычнага значэння савецкага перыяду для беларускай дзяржаўнасці і раскажуць пра лёсы першых кіраўнікоў Савецкай Беларусі. Таксама Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці прадставіць на круглым стале выставу копіі дакументаў. Экспазіцыя раскажа пра гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў Віцебскай губерні ў 1917-1919 гадах. Арганізатарамі круглага стала выступілі абласная бібліятэка імя У.І. Леніна, Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М. Машэрава і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Андрэй Шчарбіцкі, БЕЛТА.