Круглы стол, прысвечаны памяці Віцебскага паўстання 1623 года, прайшоў у ВДУ
У лістападзе спаўняецца 400 гадоў з таго часу, як адбылося паўстанне. Да яго падштурхнулі дзеянні уніяцкага (грэка-каталіцкага) архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча, які насаджваў унію жорсткімі метадамі. Ён спрабаваў прымусіць праваслаўных святароў і іх прыхаджан перайсці ў новую веру, зачыняў храмы і перадаваў іх маёмасць сваёй канфесіі. Аднак жыхары Віцебска не захацелі мірыцца з прымусам. Яны ўсталі на абарону звыклых ім каштоўнасцей, права самім вызначаць, як жыць на роднай зямлі. Людзі жорстка расправіліся з Кунцэвічам: цела скінулі з Прачысценскай (Успенскай) гары, а затым адвезлі на лодцы за горад і патапілі.
За гэта давялося заплаціць немалую цану. Камісарскі суд, прызначаны каралеўскай граматай, прызнаў вінаватымі ўсіх грамадзян Віцебска. Горад пазбавіўся Магдэбургскага права, ратушы і вызвалення ад мыты. Многім быў вынесены смяротны прысуд. Акрамя таго, суд загадаў адліць у памяць аб здарэнні вялікі званок з надпісам, які тлумачыць пакаранне, і аддаць яго храму, каля якога быў забіты архіепіскап. У астатніх жа цэрквах званкоў мець не дазвалялася без асаблівага распараджэння мітрапаліта. Загадвалася адбудаваць Успенскі сабор на сродкі мяшчан, а слугам забітага архіепіскапа кампенсаваць страты маёмасці.
Свой погляд на падзеі мінулага, іх значэнне для Віцебшчыны і Беларусі ў цэлым выказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня праўлення РГА "Беларускае таварыства "Веды" Вадзім Гігін. Нагадаўшы, што і чаму адбывалася ў Віцебску 400 гадоў таму, ён падкрэсліў:
- Барацьба за праваслаўе стала сімвалам барацьбы за беларускую народнасць.
- Неабходна не толькі падрабязна вывучаць гісторыю роднага краю, але і выкарыстоўваць гэтыя веды ў працы і жыцці. У нас ёсць законнае права ганарыцца сваімі продкамі, - падвёў вынік Аляксандр Субоцін.