Найбуйнейшая беларуская падстанцыя ў Паставах будзе ўведзена пад напружанне ў маі

Чакаецца, што найбуйнейшая ў Беларусі падстанцыя "Паставы" будзе ўключана пад напружанне ў маі гэтага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве РУП "Віцебскэнерго" Юрый Міцькавец. 

"Будаўніцтва найбуйнейшай у Беларусі падстанцыі ў 330 кВ у Паставах ідзе па графіку. На дадзены момант абсталяванне - у асноўным кітайскае або ліцэнзійнае еўрапейскае - змантавана ў поўным аб'ёме, засталіся толькі нязначныя штрыхі. Пракладзены кабельныя лініі і актыўна пачаты пусканаладачныя работы. Па ацэнках спецыялістаў, ужо ў маі гэтага года падстанцыя павінна быць уключана пад напружанне. У перспектыве разглядаецца магчымасць падачы праз яе электраэнергіі ў краіны Балтыі - з улікам вываду з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС. Менавіта з гэтых меркаванняў і было абрана месца будаўніцтва ў Паставах", - растлумачыў Юрый Міцькавец. 

Акрамя функцыі аднаго з ключавых аб'ектаў размеркавання магутнасці АЭС, у падстанцыі ў Паставах ёсць яшчэ характэрная асаблівасць. Крыніцай цеплазабеспячэння будынкаў будзе служыць убудаваная электракацельня. Выкіды ў атмасфернае паветра пры эксплуатацыі падстанцыі са стацыянарных крыніц вырабляцца не будуць.

ПС 330 кВ "Паставы" будуецца па праекце "Схема выдачы магутнасці ў беларускую энергасістэму ад Беларускай АЭС, якая будуецца" і з'яўляецца адным з 23 пускавых комплексаў. Частка з іх ужо ўведзена, а завяршэнне ўсіх работ плануецца ў снежні 2018 года. Праект выконваецца на тэрыторыі трох абласцей: Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай. Заказчыкам выступае РУП "Гроднаэнерго", генеральным падрадчыкам - кітайская кампанія NCPE. На падрадзе задзейнічана вялікая колькасць беларускіх арганізацый. Усяго на будаўніцтве занята звыш 400 рабочых, у тым ліку больш за 120 - з Кітая. Інвестпраект будзе каштаваць $340,9 млн, з якіх 95% - льготны крэдыт Экспартна-імпартнага банка Кітая. Рэалізацыя праекта дапаможа забяспечыць выдачу і размеркаванне магутнасці Беларускай АЭС пасля ўключэння яе ў працу. 

БЕЛТА.