Буйное прадпрыемства па перапрацоўцы смецця праектуецца ў Віцебску
Дзейнасць прадпрыемства ўключае сартаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Адходы паперы, плёнкі, ПЭТ-бутэлек і зараз здабываюцца і перапрацоўваюцца, але мы пойдзем далей: рэшткі ад гэтай перапрацоўкі будуць таксама сартавацца. Прыкладна з 20% будзе атрымлівацца біямаса, якая задзейнічаецца ў азеляненні Віцебска. Астатняе - від паліва, якое спальваецца ў прамысловых катлах. Пакуль такіх на тэрыторыі вобласці няма, але мы паралельна займаемся распрацоўкай кацельняў, дзе такое паліва будзе выкарыстоўвацца", - растлумачыў Уладзімір Белавус. У цэлым, кажучы пра пытанне абыходжання з адходамі, ён адзначыў, што падчас рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Беларусі на 2009-2015 гады выдзяляюцца значныя грашовыя сродкі на развіццё сістэмы раздзельнага збору адходаў, набыццё спецыяльнай тэхнікі і абсталявання.
У выніку збор другасных матэрыяльных рэсурсаў у параўнанні з 2008 годам павялічыўся ў 2,6 раза і склаў 71,7 тыс. т. Расце колькасць прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць перапрацоўку адходаў. Сёння іх другасна выкарыстоўваюць або прымаюць на перапрацоўку ад старонніх арганізацый больш за 100 прадпрыемстваў. У выніку доля другаснага выкарыстання адходаў вытворчасці дасягнула 76%. Дзякуючы падпраграме "Чысты горад" рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады пабудаваны новыя палігоны цвёрдых камунальных адходаў для гарадоў Глыбокае і Чашнікі, гарадскога пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна.
На палігонах цвёрдых камунальных адходаў Віцебска, Оршы і Наваполацка рэалізаваны інвестыцыйныя праекты з удзелам шведскага боку па здабычы біягазу (звалачнага газу), што дазваляе не толькі атрымліваць дадатковую электраэнергію, але і знізіць выкіды парніковых газаў у атмасфернае паветра.
Кацярына Князева, БЕЛТА.