Крупнапанёльнае домабудаванне ў Беларусі будзе кардынальна рэфармавана да канца 2010 года
26 жніўня, Мінск /Наталля Вербіцкая - БЕЛТА/. Крупнапанэльнае домабудаванне ў Беларусі будзе цалкам рэфармавана да канца 2010 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінбудархітэктуры.
Сумарная магутнасць усіх арганізацый крупнапанэльнага домабудавання і домабудаўнічых камбінатаў (як падпарадкаваных Мінбудархітэктуры, так і камунальнай формы ўласнасці) павінна павялічыцца да канца 2010 года да 2,99 млн. кв.м. На пачатак бягучага года яна складала 1,4 млн. кв.м, да канца года яна павінна ўзрасці да 1,6 млн. кв.м у год. Усяго ў 2010 годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць 8 млн. кв. м жылля, з іх 2,040 млн. кв. м павінна скласці крупнапанэльнае домабудаванне.
Маштабная рэканструкцыя чакае 8 арганізацый КПД, падпарадкаваных Мінбудархітэктуры. На сённяшні дзень першыя партыі новага абсталявання паступілі на тры з іх: РУП "Магілёўскі домабудаўнічы камбінат", РУП "Віцебскі домабудаўнічы камбінат", ААТ "Гомельскі домабудаўнічы камбінат". Тэхпераўзбраенне гэтых прадпрыемстваў ажыццяўляецца з выкарыстаннем перадавых заходніх тэхналогій і абсталявання (Германія, Італія), якое не вырабляецца ў Беларусі і краінах СНД. Астатнія арганізацыі праводзяць конкурсныя таргі на пастаўку абсталявання. Пасля правядзення ўсіх таргоў будзе вызначана агульная сума інвестыцый, якая неабходна для мадэрнізацыі. Для рэканструкцыі будуць выкарыстаны пазыковыя сродкі і сродкі інавацыйнага фонду Мінбудархітэктуры.
Згодна з даследаваннямі ўзвядзенне крупнапанэльных жылых дамоў абыходзіцца танней за іншыя канструктыўна-тэхналагічныя сістэмы на 15-30% і прыкладна на столькі ж выйграе ў тэмпах узвядзення. У апошнія гады адбылася пераарыентацыя будаўнічага комплексу на каркасныя сістэмы жылых дамоў і цагляныя дамы. Разам з тым яшчэ ў 1991 годзе ў агульным аб'ёме пабудаванага жылля ў Беларусі больш за 55% прыпадала на дамы КПД.
Паскоранае завяршэнне рэканструкцыі домабудаўнічых камбінатаў прадугледжана Дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2006-2010 гады.
Галоўная мэта мадэрнізацыі - павышэнне спажывецкіх якасцей крупнапанэльнага жылля і зніжэнне яго кошту. -0-