Буйную партыю нестандартнага абсталявання паставіла бясковіцкае прадпрыемства на БелАЭС
Буйную партыю нестандартнага абсталявання паставіла на будпляцоўку Беларускай АЭС бясковіцкае ТАА «Віпратех». Паспяхова прайшоўшы ўваходны кантроль па якасці прадукцыі і атрымаўшы допуск да пастаўкі абсталявання 4-га класа адказнасці ў сістэме расійскай карпарацыі «Росатам», прадпрыемства ўжо прапрацоўвае кантракты на пастаўку вырабаў і для атамных станцый у РФ.
На узвядзенні стратэгічнага для краіны энергетычнага аб'екта цяпер працуюць самаходныя і прычапныя вагонеткі бясковіцкай вытворчасці, прызначаныя для транспарціроўкі розных грузаў. Як паведаміў «Віцебскім весткам» дырэктар «Віпрацеха» Сяргей Карповіч, сума кантракта з генпадрадчыкам будаўніцтва расійскім ААТ «НІАЭП» – ЗАТ «Атамбудэкспарт» склала каля 6 млн расійскіх рублёў. Для таго, каб удзельнічаць у тэндарах на пастаўку работ і паслуг для атамнай галіны, ТАА «Віпрацех» прайшло неабходную сертыфікацыю і атрымала адпаведныя дазволы. Прадукцыя прадпрыемства ўнесена ў Адзіны галіновы наменклатурны каталог абсталявання і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі АЭС. Дарэчы, гэта дае права ўдзельнічаць таксама ў конкурсах па будаўніцтве станцый у Расіі і тых, якія расійскі бок узводзіць за мяжой.
Першым досведам супрацоўніцтва бяшанковіцкіх спецыялістаў з ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай станцыі» стала праектаванне для «Аб'яднанай піянерскай базы будаўніцтва Беларускай АЭС» прырэльсавага склада цэменту ёмістасцю 1200 т і бетонных заводаў агульнай прадукцыйнасцю 120 куб.м/гадзіну. Распрацоўкі былі пазней запатэнтаваны, а спецыялісты-праекціроўшчыкі цяпер працуюць на ТАА «Віпратех».
Сёння ў планах у кампаніі — працягнуць удзел у тэндарах на пастаўку абсталявання для Беларускай АЭС, а таксама прапрацоўваецца магчымасць выступіць пастаўшчыком абсталявання для Валгадонскай АЭС у Расіі.
Сяргей Кочатаў, "Віцебскія весці"