Буйны транспартна-лагістычны комплекс пабудуюць пад Воршай
Пагадненне аб супрацоўніцтве па праекце будаўніцтва транспартна-лагістычнага комплексу пад Оршай падпісана паміж ТАА «ІПЛ Комплекс», рэзідэнтам СЭЗ «Віцебск», і кітайскай кампаніяй «Sinohydro Bureau 4 CO.,Ltd», а таксама аддзяленнем банка правінцыі Цынхай «China Development Bank».
Афіцыйная цырымонія адбылася падчас кітайска-беларускага форуму па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з удзелам дэлегацыі афіцыйных і дзелавых колаў правінцыі Цынхай. Як паведамілі ў адміністрацыі СЭЗ, кітайскія партнёры праявілі цікавасць да ўзвядзення патэнцыйна аднаго з найбуйнейшых лагістычных комплексаў, які мяркуецца стварыць на базе ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод». Дарэчы, прэзентацыя праекта для кітайскіх інвестараў прайшла на міжрэгіянальным бізнес-форуме падчас дзяржаўнага візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь у траўні.
На дадзеным этапе айчынны аператар праекта, які рэалізуецца ў СЭЗ «Віцебск», зацікаўлены ў прыцягненні замежных партнёраў і прапануе інвестыцыйныя магчымасці ўдзелу ў некалькіх ініцыятывах у рамках індустрыяльнага прамыслова-лагістычнага парка «Орша». Гэта развіццё складской нерухомасці (маецца на ўвазе будаўніцтва 15 складскіх модуляў, а таксама зоны жыццезабеспячэння і адміністрацыйнага цэнтра), рэканструкцыя дзеючай узлётна-пасадачнай паласы з мэтай стварэння аэрапорта міжнароднага класа, арганізацыя вытворчасцей рознага ўзроўню, а таксама ўзвядзенне энергаблока для энерга- і цеплазабеспячэння самога лагістычнага комплексу, авіярамонтнага завода і бліжэйшых прадпрыемстваў. У перспектыве агульная плошча ІПЛ парка «Орша» можа скласці да 100 га, а сама канцэпцыя яго развіцця разлічана не на адзін дзясятак гадоў.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».