Гурткі трусагадоўлі адкрыліся для пенсіянераў і інвалідаў у Шаркаўшчынскім раёне
Запрацаваў ён сёлета ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна. Пенсіянеры гэтаму вельмі рады. Аб любімых гадаванцах гавораць з гонарам, захапляючыся іх паклаўлівым характарам, прыгожым афарбаваннем і мяккай доўгай поўсцю.
Увесну ў ААТ «Межаны» Браслаўскага раёна набылі 2 самцоў і 10 самак новазеландскай, каліфарнійскай і венскай блакітнай парод. За некалькі месяцаў іх колькасць значна павялічылася. Сёння налічваецца больш за 40 маладых асобін, прыдатных для рэалізацыі. Пастаянна наглядае за гадаванцамі 61-гадовы Іван Кучаравы, які раней шмат гадоў прапрацаваў трактарыстам у гаспадарцы. Ён мае другую групу інваліднасці, у аддзяленні пражывае з красавіка 2006 года.
У 80-гадовага Еўлампія Хохлава не менш адказны занятак: ён з захапленнем вырошчвае таматы ў цяпліцы. Еўлампій Савельевіч збірае вялікі ўраджай. Спелыя сакавітыя памідоры – неад'емлемая аздоба абедзеннага стала і летам, і восенню.
Летам будынак аддзялення ўтопае ў пышнай зеляніне. Нямала ў гэтым заслуга Таісіі Жойдзік, якая, нягледзячы на малы ўзрост, не толькі даглядае за пакаёвымі раслінамі, але і з ранніх вясны вырошчвае кветкавую расаду для шматлікіх клумбаў. Добраўпарадкаваную тэрыторыю ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы, ёсць сад, невялікі гадавальнік іглічных раслін. Тут жа расце чарніца, жывакасць, чорная бузіна, глог, маліна і многае іншае. Сёлета сабралі нядрэнны ўраджай салодкіх кавуноў і дынь.
Прадстаўнікі старэйшага пакалення не прывыклі сядзець без справы. Каму дазваляе здароўе, той аказвае пасільную дапамогу пры пасадцы агародніны, зборы ўраджаю, навядзенні парадку.
Аддзяленне ў вёсцы Дзікава існуе 9 гадоў. У ім створаны выдатныя ўмовы для пражывання 40 бабуль і дзядуляў. Абсталяваны светлыя пакоі, ёсць бібліятэка, прасторны хол з вялікімі тэлевізарамі і г. д. Сярэдні ўзрост старых, якія жывуць пад адным дахам, – 80 гадоў. Хтосьці, праглядаючы тэлевізійную перадачу, успамінае пражытыя гады, дыскутуе на розныя тэмы, хтосьці спіцамі старанна вывязвае ўзор. Іншымі словамі, няма часу для смутку.
Дзіяна Берніковіч, «Віцебскія весці».