Хто з віцяблянаў мае права прэтэндаваць на квадратныя метры і льготны крэдыт?
Хто з віцяблян мае права прэтэндаваць на квадратныя метры і льготны крэдыт, высвятляў карэспандэнт "ВВ".
Кожны марыць пра сваю жылую плошчу як пра маленькую, але трывалую суверэнную дзяржаву, дзе можна расслабіцца і адпачыць пасля працы, папацець у выхадныя, ды і наогул адчуць сябе паўнапраўным гаспадаром. Але… варта ўлічыць, што ў жыцці існуюць спрыяльныя і не вельмі моманты для вырашэння жыллёвых праблем. Для пачатку вызначымся, хто сёння прэтэндэнтуе на набыццё запаветных метраў і льготны крэдыт.
Як паведамілі ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Віцебскага гарвыканкама, адной з самастойных падстаў па-ранейшаму застаецца норма забяспечанасці агульнай плошчай жылога памяшкання менш за 15 кв. м на аднаго чалавека. Вычарпальны пералік падстаў устаноўлены артыкулам 35 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Што тычыцца льготнага крэдытавання, яго палажэнні аптымізаваны Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў". Дакументам устаноўлены катэгорыі грамадзян, якія прэтэндуюць на льготы. Пазачарговае права захоўваецца за шматдзетнымі сем'ямі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама сем'ямі, у якіх ёсць інваліды I-II групы; якія пражываюць у інтэрнатах не менш за 10 гадоў; якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; якія маюць права на атрыманне жылля сацыяльнага карыстання з дзяржаўнага жыллёвага фонду.
Права на атрыманне льготных крэдытаў у парадку чаргі захоўваюцца для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; маладых сем'яў, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей; грамадзян, якія маюць у адпаведнасці з заканадаўствам права на пазачарговае атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жылфонду, суддзяў і пракурорскіх работнікаў, непаўналетніх маладых людзей, якія з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі; вучоных-стыпендыятаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; працаздольных непаўналетніх членаў сям'і наймальніка жылога памяшкання сацыяльнага карыстання ў выпадку яго смерці або выезду на пастаяннае пражыванне ў іншае памяшканне; непаўналетніх членаў сям'і памерлага (загінулага, прызнанага без вестак прапаўшым) наймальніка службовага жылога памяшкання дзяржаўнага жылфонду.
Для ваеннаслужачых захоўваецца права на атрыманне льготных крэдытаў на ўмовах, устаноўленых Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 красавіка 2008 г. №195.
Для паляпшэння жыллёвых умоў цяпер запрашаюцца грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў Віцебскім гарвыканкаме з 31.07.2008 года.
Многіх цікавіць удзел арганізацый і прадпрыемстваў у дадзеным працэсе. Як сведчаць спецыялісты, норма гэтая не новая. Грамадзяне маюць права стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў як па месцы жыхарства (у выканкаме), так і па месцы працы. У апошнім выпадку трэба спадзявацца толькі на наймальніка.
Што тычыцца кошту жылля, аднапакаёвая кватэра ў абласным цэнтры агульнай плошчай 39 кв. м абыдзецца ў 237-263 млн рублёў у залежнасці ад планіроўкі і матэрыялаў. Двухпакаёвая агульнай плошчай 63 кв. м будзе каштаваць ад 384 да 425 млн рублёў. Кошт 1 кв. м жылля ў дамах КПД з блок-секцый сёння — ад 6,05 да 10,9 млн рублёў, у буйнаблочных дамах — 10,4 млн.
Вяртаемся да маладых і шматдзетных сем'яў. Вырашыць кватэрнае пытанне яны могуць з фінансавай падтрымкай дзяржавы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №585. Калі казаць пра першую катэгорыю, для адпаведнасці статусу ў сям'і павінен быць хаця б адзін з сужэнцаў ва ўзросце да 31 года на дату пастаноўкі на ўлік, да таго ж улічваецца наяўнасць непаўналетніх дзяцей.
Калі казаць пра першапачатковыя ўнёскі пры будаўніцтве жылля, яны засталіся. Не патрабуюцца падобныя ўкладанні толькі ў выпадку, калі агульная плошча менш за 15 кв. м на аднаго чалавека пры ўмове добраахвотнага зняцця з уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, за кошт розніцы ў крэдытуемых метрах.
Памер льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў не павінен перавышаць 90% (для шматдзетных сем'яў 100%) кошту будаўніцтва нармаваных памераў.
Цікавіць нашых чытачоў і магчымасць выкарыстання камерцыйнага жылля. Інфармуем, што жылое памяшканне такога плану з дзяржаўнага жылфонду прадастаўляецца грамадзянам на ўмовах дагавора найму ў часовае карыстанне на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў. Памер платы залежыць ад памеру базавай стаўкі з прымяненнем каэфіцыентаў у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месцазнаходжання. Інфармацыя аб вольных жылых памяшканнях камерцыйнага выкарыстання пры наяўнасці такіх будзе размяшчацца на сайце Віцебскага гарвыканкама www.vitebsk.gov.by, раздзел "Эканоміка", падраздзел "Будаўніцтва", "Упраўленне жыллёвай палітыкі". Такія кватэры не падлягаюць прыватызацыі, абмену, раздзелу, продажу, здачы па дагаворы паднайму.
Прыватызацыя
Самыя актуальныя на сёння пытанні звязаны з прыватызацыяй жылля. Як патлумачыла начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Віцебскага гарвыканкама Марына Арэшчанка, на дадзены момант канкрэтных тэрмінаў на прыватызацыю няма. Да таго ж дзяржавай прадастаўлены пэўныя льготы. Гэта значыць, выплаты можна аформіць у растэрміноўку. Адразу аплачваецца 10% ад кошту кватэры, а астатнія 90% размяркоўваюцца роўнымі долямі на 40 гадоў. Доўг можна пагасіць і раней. Растэрміноўка без працэнтаў, не індэксуецца і не змяняецца.
Важна ведаць, што тэрмін дзеяння рашэння аб прыватызацыі — 1 год. За гэты час неабходна натарыяльна аформіць дагавор куплі-продажу. А магчымасць падачы заяў у аддзел "адзінае акно" органа ўлады або арганізацыю, калі кватэра не ў камунальнай уласнасці, не вычарпае сябе, дапусцім, 1 студзеня 2014 года. Хутчэй за ўсё, працэс працягнецца і ў будучым годзе. Але зацягваць з гэтым не варта. Сёння ў Віцебскім гарвыканкаме па гэтым пытанні па запісе і ў парадку жывой чаргі прымаюць да 70 чалавек у дзень.
Да ведама. Каб афіцыйна аформіць дагавор куплі-продажу (прыватызацыі), натарыусу неабходна прадаставіць квітанцыю на аплату 10% кошту нерухомасці. Далей дагавор падлягае рэгістрацыі ў РУП "Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры", дзе варта атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці (рэгістрацыйнае пасведчанне і тэхнічны пашпарт). Калі кватэра знаходзіцца ў доме ЖБВ, яе прыватызаваць не трэба. Варта толькі звярнуцца ў вышэйназванае агенцтва для афармлення дакументаў. Асобныя катэгорыі грамадзян маюць права прыватызаваць кватэру з улікам льгот, устаноўленых заканадаўствам. Ацэнка кошту жылых памяшканняў ажыццяўляецца камісіямі, утворанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, юрыдычнымі асобамі.
Карацей пра важнае
На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 392 тысячы кватэр, або 14% агульнага жылля, якое прадастаўляецца па дагаворы найму.
Ацэначны кошт аднолькавых плошчаў можа мець велізарную розніцу. Так, прыватызацыя двухпакаёвай "хрушчоўкі" абыдзецца ад 30 млн рублёў і больш. Сярэдні кошт 2-пакаёвай кватэры ў панэльным доме 1970-80-х гадоў забудовы — каля 100 млн рублёў, 3-пакаёвая кватэра ў цагляным доме канца 1990-х можа быць ацэнена ў тры разы даражэй за папярэднюю. Вядома ж, многае залежыць ад года забудовы, месцазнаходжання, наяўнасці выгодаў і іншых фактараў.
Звесткі пра тое, што ўласнік мае права выселіць без прадастаўлення іншых жылых памяшканняў нават членаў сваёй сям'і, якія не маюць долі ў праве ўласнасці, пад сабой глебу маюць. Гэта значыць, што ў цяперашні час дзейнічаюць больш жорсткія рамкі ў вызначэнні роднасных адносін. У новым Жыллёвым кодэксе ўрэгуляваны правілы заключэння і скасавання пісьмовых пагадненняў аб прызнанні членам сям'і наймальніка, уласніка жылога памяшкання, члена арганізацыі забудоўшчыкаў. Да прыкладу, дзіця жонкі ад першага шлюбу для мужа — гаспадара нерухомасці, мякка кажучы, "не сваяк". Аднак тут ёсць шмат "але". Варта ўлічваць наяўнасць прапіскі пражываючага на дадзенай плошчы на момант прыватызацыі жылля, удзел у самім працэсе прыватызацыі і многае іншае. Кожны канкрэтны выпадак патрабуе індывідуальнага падыходу.
Таксама прадугледжана магчымасць прымусовага высялення ўласніка кватэры пры наяўнасці (без паважных прычын) шасцімесячнай запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі з прадастаўленнем жылля меншай плошчы ў тым жа населеным пункце.
Надзея Фундарэнка, Віцебскія весці