Кубак і медалі прывезла каманда пракуратуры Віцебскай вобласці па міні-футболе з турніру ў Маскве

29 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Зборная каманда пракуратуры Віцебскай вобласці прывезла кубак і медалі за ганаровае трэцяе месца з міжнароднага турніру па міні-футболе сярод работнікаў пракуратуры ў Маскве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Ірына Таўтын. 15-ы розыгрыш Кубка памяці пракурора Дзяржынскага раёна Масквы У.І.Сеўругіна па міні-футболе, які праходзіў у Алімпійскім комплексе "Лужнікі", сабраў сёлета 17 каманд з Масквы і розных рэгіёнаў Расіі. Статус міжнародных спаборніцтваў гэтаму турніру надало ўдзел віцебскай зборнай, адзінай беларускай каманды, якая атрымала запрашэнне на гэтае прэстыжнае мерапрыемства. Віцябляне склалі годную канкурэнцыю расійскім камандам, саступіўшы свае пазіцыі гаспадарам турніру толькі ў паўфінале, дзе прайгралі ваеннай пракуратуры Масквы па пенальці. У выніку гэтая каманда заняла другое месца, а першая прыступка п'едэстала гонару дасталася пракуратуры Масквы. Гэта не першае спартыўнае мерапрыемства паміж работнікамі пракуратуры Віцебскай вобласці і іх калегамі з Расіі. Так, восенню 2008 года каманды пракуратур Смаленскай і Пскоўскай абласцей прымалі ўдзел у турніры па міні-футболе ў Віцебску, адзначыла Ірына Таўтын, дадаўшы, што агульныя інтарэсы ў спорце дапамагаюць умацаваць і супрацоўніцтва ў прафесійнай сферы.-0-